Культура Беларусі 1930-х гг.
Беларускi дзяржаўны унiверсiтэт
Гістарычны факультэт
Кафедра гiсторыi Беларусi старажытнага часу i сярэднiх вякоў
Рэферат па тэма:
Культура Беларусі 1930-х гг.
Выканаў:
Студэнт 5 курса 1 групы
Пашута Г.
Мiнск, 2008
1930–я гг. адзначаны пачаткам нараджэння сталінскага таталітарнага рэжыму. Яго адметнымі рысамі становяцца аднапартыйнасць пры ўсеўладна-аўтарытарным характары партыі, ліквідацыя грамадскіх свабод, масавы тэрор, кантроль за ўсімі сферамі жыцця, уключаючы і культуру. Цэнтралізацыя ўлады над асобай і грамадствам была даведзена да абсалюта. Культ асобы "правадыра", яго празарлівасці, геніяльнасці панаваў паўсюль.
У 1936 г. было напісана "Пісьмо беларускага народа вялікаму Сталіну". Вершаваныя радкі (у якіх, безумоўна, праслаўляецца "сонца" – т. Сталін) належаць Я. Купале, Я. Коласу, П. Броўку, І. Харыку. На 24 абшытых белай тканінай лістах радкі вышыты чырвонымі, белымі, зялёнымі, шэрымі ніткамі. Зверху і знізу па лісце была працягнута шаўковая стужка з нацыянальным арнаментам. На першай старонцы майстрыхі-ткачыхі вышылі назву пісьма, а на другой – герб Беларусі. Імя Сталіна было адціснута золатам на вокладцы.
Сталін стаяў на пазіцыях зліцця нацый і культур. Гэта палітыка была афіцыйна прызнана ХVІ з’ездам партыі (чэрвень - ліпень 1930 г.). Адной з асаблівасцей таталітарнай ідэалогіі з’яўляецца выкрыццё "ворага". У афіцыйнай палітыцы 30-х гг. прысутнічала ідэя знішчэння "нацдэмакратызму". Гэта рабілася пад прыкрыццём масавых рэпрэсій нацыянальна-культурных сіл рэспублікі. Імпульсам сталі надрукаваныя ў лютым – сакавіку 1933 г. у газеце "Праўда" некалькі артыкулаў. Галоўны з іх – "Пад фальшыва-нацыянальным сцягам". У ім гаварылася аб актывізацыі нацдэмаў у рэспубліцы, якія нібыта ўзялі новую тактыку – абвінавачвалі цэнтр ва ўшчамленні інтарэсаў Беларусі.
Калі 20-я гг. характарызаваліся пэўнай свабодай творчага пошуку, то хутка сітуацыя змянілася карэнным чынам. 26 мая 1928 г. выйшла пастанова бюро ЦК КП(б)Б "Аб беларускай літаратурнай мастацкай і тэатральнай крытыцы". Яна дыктавала выключную манаполію партыі на літаратуру. Таму з небывалай сілай узняўся ўсплёск літаратурнай крытыцы супраць пісьменнікаў. Найбольш вядомымі крытыкамі былі Я. Бранштэйн, Л. Бэндэ, М. Клімковіч. Яны сеялі атмасферу варожасці. Пад партыйным прымусам 3, 14 снежня 1930 г. у друку з’явіліся "адкрытыя лісты" Янкі Купалы і Якуба Коласа, у якіх пісьменнікі вымушаны былі перакрэсліць мінулае, назваць "нашаніўскі" перыяд рэакцыйным, нацыяналістычным, падпарадкавацца неіснуючым абвінавачванням.
Аднак у дакладзе 1937 г. гаварылася пра буйныя дасягненні беларускіх пісьменнікаў. Дэклараваны поспех у культурным развіцці не адпавядаў рэчаіснасці. Яшчэ не завяршыўся працэс першапачатковага культурнага ўздыму народных мас. Адчуваўся дэфіцыт агульнай і палітычнай культуры грамадства, нізкі агульнаадукацыйны узровень народа і кіраўнікоў партыі.
Пастановай ЦК КП(б)Б "Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый у БССР" абвяшчалася стварэнне Арганізацыйнага камітэта саюза савецкіх пісьменнікаў, у які ўвайшлі М. Клімковіч (старшыня), М. Лынькоў, Платон Галавач, Кузьма Чорны (усяго 16 чалавек). Яны вымушаны былі праводзіць палітыку супрацьстаяння пісьменнікам, якія не выконвалі патрабаванняў партыі. Партыя, у сваю чаргу, праводзіла палітыку "кнута і перніка": то прымяняла карныя акцыі да пісьменнікаў-"нацдэмаўцаў", то награджала іх ардэнамі. Паводле ўказа прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР узнагароджаны былі 132 савецкія пісьменнікі за дасягненнні у літаратуры: Я. Купала, Я. Колас – ордэнам Леніна, З. Бядуля, М. Лынькоў – ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Праўдзівая абмалёўка савецкай бюракратыі, новых прыстасаванцаў паказана ў шэрагу аповесцях – "Люба Лук’янская" Кузьмы Чорнага. Глыбіня раскрыцця сацыяльных канфліктаў характэрна для аповесці "Межы" Сымона Баранавых, "Адшчапенец" Якуба Коласа. Метад сацыялістычнага рэалізму раскрываецца ў такіх творах, як аповесці П. Галавача "Спалох на загонах", "Носьбіты нянавісці"; А. Якімовіча "Перамога"; П. Глебкі "Над Бярозай-ракой". Вянцом усяго зробленага драматургамі 30-х гг. лічыцца камедыя К. Крапівы "Хто смяецца апошнім", якая выкрывала паклёпнікаў, падхалімаў, ілжэвучоных.
Пераход да фарсіраваных сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў, тэхнічная рэканструкцыя гаспадаркі, палітыка рэпрэсій iнтэлiгeнцыi абвастрьла праблему кадраў з вышэйшай i сярэдняй спецыяльнай адукацыяй ва ўcix галінах народнай гаспадаркі. Паўстала задача расшырэння ceткi ВНУ, тэхнікумаў, падрыхтоўкі кадраў па новых спецыяльнасцях, у якіх адчувала вострую патрэбу народная гаспадарка.
У рэспубліцы была праведзена работа па стварэнню новых навучальных устаноў. У 1931 г. на базе педагагічнага факультэта БДУ адчыняецца Вышэйшы педагагічны інстытут. У Гомелі i Магілёве ствараюцца настаўніцкія інстытуты, у Мінску — медыцынскі. Усяго у 1932 г. налічвалася 31 вышэйшая навучальная ўстанова, дзе займаліся 10 574 студэнта.
Але ў гэты час новыя вышэйшыя навучальныя ўстановы адкрываліся на базе існуючых, што не было мэтазгодным. Ствараліся "карлікавыя" ВНУ, яиы не мелі навуковай i матэрыяльнай базы, дастатковай колькасці выкладчыкаў. Напрыклад, на базе Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі сталі працаваць 11 навучальных устаноў, што прывяло да ліквідацыі адзінага выкладчыцкага калектыву, раздраблення вытворчай базы. У былым галоўным корпусе акадэміі працавалі 7 новых навучальных устаноў. Яны, фактычна, не мелі нi cвaix выкладчыкаў, нi сваёй матэрыяльна-вучэбнай базы. Такая практыка не садзейнічала павышэнню ўзроўня падрыхтоўкі кадраў.
Пралікі i памылкі ў арганізацьі вышэйшай адукацыі былі ўлічаны ў далейшым. У 1933 г. у Горках быў адноўлены Беларускі сельскагаспадарчы Інстытут, у склад якога ўвайшлі раней выдзеленыя інстытуты. У чэрвені 1933 г. на базе планава-эканамічнага, фінансава-эканамічнага i кааператыўнага інстытутаў пачаў працаваць Інстытут народнай гаспадаркі з чатырма факультэтамі. У ліпені 1933 г. быў створаны Беларускі палітэхічны інстытут. У 1937 г. на яго 8 факультэтах i аддзяленнях навучалася каля 1700 студэнтаў. У 1936—1937 гг. адчыняюцца настаўніцкія інстытуты ў Мінску, Віцебску, Рагачове, у 1937 г. — у Магілёве i Гомелі. Трэба адзначыць, што некаторыя з адчыненых навучальных устаноў пачыналі работу ў выключна складаных умовах, што не магло не адбіцца на ўзроўні падрыхтоўкі кадраў. Гэта тычылася, напрыклад, Аршанскага настаўніцкага інстытута, які пачаў працаваць у будынку педтэхнікума. Не было чытальнай залы, уся вучэбная база складалася з 9 класных пакояў, ваеннага i фізкультурнага кабінетаў, залы для пасяджэнняў. Але самай галоўнай складанасцю ў арганізацыі вучэбнага працэсу з'яўляўся дэфіцыт выкладчыцкіх кадраў. У 1937-38 навучальным годзе ў інстытуце на пастаяннай аснове npaцавалі толькі 10 выкладчыкаў, большасць з ix не мелі ступеняў i званняў. Па 8 дысцыпінам з-за адсутнаці выкладчыкаў заняткі не праводзіліся ўвогуле.
Тым не менш, за гады другой пяцігодкі былі зроблены пэўныя кpoкi ў справе падрыхтоўкі кадраў для народнай гаспадаркі. Колькасць студэнтаў ва ВНУ рэспублікі дасягнула 14 888 чалавек супраць 10 574 чалавек у 1932 г. Усяго былі падрыхтаваны 7444 спецыялісты з вышэйшай адукацыяй, у тым ліку 1006 — інжынераў, 1232 — аграномаў, ветэрынарных урачоў i заатэхнікаў, 2915 — настаўнікаў, 1120 — эканамістаў i юрыстаў. Сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы выпусцілі 19 678 чалавек. У тэхнікумах у канцы пяцігодкі навучалася 33 300 чалавек супраць 19 714 у 1932 г.
Вучэбны i выхаваўчы працэс у ВНУ i тэхнікумах прахадзіў пад пастаянным кантролем органаў НКУС. Правяралі не толькі змест лекцый, але i склад выкладчыкаў, студэнтаў. У чэрвэні 1938 г. наркам унутраных спраў А. Наседкін інфармаваў сакратара ЦК КП(б)Б П. К. Панамарэнку аб "засмечанасці" Мінскага педагагічнага Інстытута. Так, з 1076 студэнтаў 33 з'яўляліся членамі сем'яў рэпрэсіраваных за антысавецкую дзейнасць, звыш 20 чалавек, якія былі выключаны з партыі i камсамола. 3 83 выкладчыкаў кампраметуючы матэрыял быў сабраны на 49. Ён служыў асновай для ўсялякіх абвінавачванняў студэнтаў, выкладчыкаў. Далей ішоў знаёмы сцэнарый — арышт, растрэл на месцы цi высылка на поўнач або ўсход краіны.
Адмоўны адбітак на падрыхтоўку кадраў аказала ўвядзенне згодна з рашэннем СНК СССР з 1 верасня 1940 г. платы за навучанне у VIII — X класах сярэдняй школы, вышэйшых i сярэдніх спецыяльных навучальных установах. 31 лістапада 1940 г. стыпендыя выдавалася тым студэнтам, якія атрымалі на экзаменах 2/3 адзнак "выдатна", астатнія — "добра". Многія студэнты выказвалі абурэнне. Так, 80 студэнтаў першага курса Віцебскага педінстытута падалі заявы аб звальненні.
Да студэнтаў, якія выказвалі негатыўнья адносіны да новых непапулярных мерапрыемстваў, прымаліся рэпрэсіўныя акцыі.
Але праблемы далейшага жыццёвага выбару заставалася вырашаць iм caмiм. 3-за цяжкага матэрыяльнага становішча, немагчымасці вучыцца за бацькоўкі кошт, многія пераводзіліся на завочныя aддзялeннi, бpaлi акадэмічны водпуск, пакідалі вучобу. У выніку адбылося скарачэнне студэнтаў дзённага навучання. Калі на 1 верасня 1940 г. у Белдзяржуніверсітэце, 5 педагагічных i 9 настаўніцкіх Інстытутах налічвалася 8414 студэнтаў, то да 1 студзеня 1941 г. ix колькасць зменшылася да 5807 чалавек. Толькі ў педагагічных інстытутах БССР кантынгент студэнтаў зменшыўся з 3969 чалавек на 15 верасня 1940 г. да 2969 чалавек на 15 лістапада таго ж года.
Уз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР, вялікія страты інтэлігенцыі ў выніку сталінскіх pэпpэciй пaтpaбaвaлi значнай колькасці спецыялістаў. Таму ў перадваенны перыяд адкрываюцца новыя навучальныя ўстановы. Калі ў студзені 1939 г. у БССР працавалі 22 ВНУ, то ў 1941 г. іх ўжо налічвалася 25, дзе вучылася 21,5 тыс. студэнтаў. У 1939-40 навучальным годзе працавалі 102 сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы з колькасцю 33,6 тыс. чалавек. На 1 студзеня 1941 г. у гаспадарцы, дзяржаўным апараце i ўстановах культуры рэспублікі былі заняты 27,7 тыс. спецыялістаў з вышэйшай i 59,9 тыс. з сярэдняй адукацыяй.
Важная роля ў развіцці народнай гаспадаркі i культуры БССР адводзілася навуцы. Таму ў рэспубліцы адкрываліся новыя навуковыя інстытуты, умацоўвалася ix матэрыяльная база, павялічвалася фінансаванне. Калі ў 1931 г. выдаткі на навуку склалі 8441 тыс. руб., у 1932 — 11 098 тыс. руб., то ўжо ў 1934 г. яны дасягнулі звыш 20 млн. руб. У 1935 г. у рэспубліцы працавалі Навукова-даследчы інстытут прамысловасці, Навукова-даследчы інстытут рэканструкцыі сацыялістычнай сельскай гаспадаркі, Інстытут гicтopыi партыі, Балотны інстытут, Інстытут аздараўлення арганізацыі працы, Лесапрамысловы i Свінагадоўчы інстытуты, Цэнтральная бульбяная станцыя i iнш.
Галоўным навуковым цэнтрам з'яўлялася Беларуская акадэмія навук, якая удасканальвала сваю структуру. У 1931 г. яна перайшла з сістэмы кафедраў на сістэму інстытутаў. У 1935 г. Акадэмія мела ў саім складзе інстытуты гісторыі, мовы, літаратуры і мастацтва, філасофіі і савецкага будаўніцтва, эканомікі, геалогіі, хіміі, фізіка-матэматычны, псіханеўралагічны, біялагічны, нацыянальных меншасцяў, камісію па вывучэнні Заходняй Беларусі, савет па вывучэнні вытворчых сіл.
Таталітарызм, культ асобы Сталіна аказвалі негатыўны ўплыў на тэатральнае, музычнае і выяўленчае мастацтва. Тут дамініравалі класавы падыход, метад сацыялістычнага рэалізму. Творчы працэс кантраляваўся цэнзурай, урадавымі арганізацыямі. Аднак тэаральнае мастацтва працягвала развівацца. Вядучае месца сярод творчых калектываў займаў Беларускі дзяржаўны тэатр-1. Тут былі пастаўлены творы К. Чорнага, К. Крапівы, З. Бядулі. У гэтым тэатры расквітнеў талент акцёра Глеба Глебава, якому належыць роля ў камедыі "Хто смяецца апошнім". У 1940 г. званне народнай артысткі было прысвоена Ірыне Фларыянаўне Ждановіч. Этапная яе роля – у "Бацькаўшчыне" К. Чорнага.
У БДТ-2 ставіліся спектаклі "Паўлінка" паводле твора Я. Купалы, "У пушчах Палесся" Я. Коласа, "Над Бярозай-ракой" П. Глебкі. У пачатку 1930-х гг. быў створаны Беларускі тэатр юнага гледача.
Беларускі дзяржаўны вандроўны тэатр У. Галубка у 1931 г. быў рэарганізаваны ў БДТ-3.
У складаных умовах развівалася музычнае мастацтва. Нягледзячы на ідэалагічны ўціск, ішоў працэс яго станаўлення. У росквіце творчых сіл знаходзіўся кампазітар Аляксей Туранкоў. У 30-я гг. ён зрабіў цэлую серыю апрацовак беларускіх народных песень для голасу з фартэп’яна, духавога аркестра, хора.
Кампазітар М. Куліковіч-Шчаглоў у 1937 г. назначаецца дырэктарам сімфанічнага аркестра Усебеларускага радыёкамітэта ў Мінску. У гэты час ён быў прыняты ў Саюз кампазітараў БССР.
Вядомым кампазітарам быў Яўген Цікоцкі. У сваёй оперы "Міхась Падгорны" ён паказаў лёс селяніна-бедняка, які праз фронт становіцца актыўным бальшавіком, важаком сялян.
Опера "У пушчах Палесся" (1939 г.) маладога кампазітара Анатоля Багатырова прысвячалася барацьбе беларускіх партызан супраць польскіх акупантаў. У 1941 г. за гэты твор А. Багатырову была прысуджана сталінская прэмія.
Творы беларускіх кампазітараў неслі ў масы музыкальныя калектывы. З 1930 г. дзейнічае Беларускі дзяржаўны тэатр народных інструментаў пад кіраўніцтвам Дз. А. Захара.
Важнай падзеяй у музычным жыцці рэспублікі лічыцца адкрыццё ў 1933 г. Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР. Калектыў працаваў над творамі опернай і балетнай класікі. Тут узышла зорка спявачкі Ларысы Александроўскай. У 1939 г. яна атрымала званне народнай артысткі БССР, таксама стала лаўрэатам Сталінсай прэміі. Прызнанне атрымалі спевакі Рыта Млодак, Міхаіл Дзянісаў, Ісідар Балоцін.
Сярод таленавітых мастакоў выдзяляюцца Мікалай Тарасікаў (праўдзівыя палотны "Рыбакі Адэсы", "Паравознае дэпо", партрэт "Камсамолка"), Вітольд Бялыніцкі-Біруля (пейзаж "Аголеныя бярозкі", "Пачатак восені", "Ранняя вясна", "Бэз цвіце"), Міакалай Дучыц, Галіна Ізергіна.
Нельга пакінуць без увагі творчасць Яўгена Зайцава. Яго пэндзлю належыць вядомае палатно "Уступленне Чырвонай арміі ў Мінск у 1920 г.".
Шэраг мастакоў пачыналі творчы шлях у Заходняй Беларусі. Шматграннасцю вызначаўся талент Язэпа Драздовіча. Ён першым у беларускім мастацтве пачаў касмічную тэму. Ім створаны тры серыі: "Жыццё на Марсе", "Жыццё на Сатурне", "Жыццё на Месяцы".
У гэты час актыўна працаваў Заір Азгур. Лепшымі работамі мастака можна назваць партрэты "Народная артыстка БССР Л. Александроўская", "Пісьменнік Змітрок Бядуля". З. Азгур стварыў у 1937 г. бюсты У. Леніна, Я. Свярдлова, у 1939 г. - К.Маркса, Ф. Энгельса.
Архітэктарамі былі створаны праекты грамадскіх і жылых будынкаў. Паводле праекта Іосіфа Лангбарда ў сталіцы пабудаваны Дом урада, Дом Чырвонай арміі, будынак тэатра оперы і балета. Галоўнай падзеяй у культурным жыцці з’явілася адкрыццё ў 1939 г. Дзяржаўнай галерэі, якая сабрала вялікія мастацкія каштоўнасці.
Такім чынам, развіццё культуры прайшло складаны і супярэчлівы шлях. Былі ў гэты перыяд і значныя дасягненні, і вялікія страты, звязаныя з усталяваннем таталітарнай сістэмы. Пад уплывам сталінскіх догмаў згортвалася ўсё нацыянальнае, у тым ліку функцыянаванне беларускай мовы. Штучнаму збліжэнню яе з рускай мовай паклаў пачатак урадавы дэкрэт ад 26 жніўня 1933 г. Сталінскі рэжым вёў барацьбу з лепшымі прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі, якім навешваўся ярлык нацдэмаў. У выніку масавых рэпрэсій на дзесяцігоддзі быў падарваны інтэлектуальны патэнцыял беларускага народа, аднак, нягледзячы ні на што, прыпыніць натуральны ход развіцця культуры нельга.
Літаратура
1. Лыч. Л, Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1997 г.
2. Парашкоў С. А. Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1995 г.
3. Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 частках. Ч 2 Мн., 1995.
4. Гісторыя Беларускай ССР: У 5 т. Мн., 1972. Т.3
5. Касцюк М. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. – Мн., 2000.