Раннефеадальнае грамадства на Беларусі
Раннефеадальнае грамадства на Беларусі
Змест
1. Сацыяльна-эканамічнае развіцце беларускіх земляў у X – XIIIстст.
2. Першыя дзяржаўныя ўтварэнні. Полацкае, Тураўскае княствы і княствы Панёмання ў X – XIII стст.
3. Рэлігія славян. Распаўсюджанне хрысціянства на Беларусі
Спіс выкарыстаных крыніц
1. Сацыяльна-эканамічнае развіцце беларускіх земляў у X – XIII стст.
Протадзяржавы крывічоў і дрыгавічоў утварыліся дзякуючы поспехам у гаспадарчым развіцці гэтых протанародаў, развіццю раннекласавага грамадства.
У галіне апрацоўкі зямлі панавала ворнае земляробства, але адначасова ў лясных і паўднёвых раёнах шырока распаўсюджана была і падсека. Развівалася папарная сістэма земляробства – двухполле і простае трохполле. Земляробы выкарыстоўвалі больш дасканалыя прылады працы – двухрогую ці шматрогую саху з жалезным наканечнікам і іншымі жалезнымі дэталямі. Наогул, стала больш жалезных прылад працы, што выкарыстоўваліся ў гаспадарцы. Ураджаі дазвалялі без рызыкі існаваць асобнай малой сям’і. Неабходнасць у захаванні патрыярхальнай родавай абшчыны адпала. Зацвярджалася новая форма грамадскай арганізацыі – сельская суседская абшчына, у аснове існавання якой ляжалі не кроўна-родасныя, а тэрытарыяльныя і эканамічныя сувязі паміж яе членамі. Некалькі побач жывучых сем’яў складалі сяло ці весь. Недалека размешчаныя сёлы складалі абшчыну (мір, верв). Цэнтр такой абшчыны – самае вялікае з сёл, яно звалася пагост.
Адначасова са станаўленнем суседскай абшчыны развівалася паняцце аб прыватнай маёмасці, спачатку на прылады працы, а потым на іншыя сродкі вытворчасці і на атрыманую прадукцыю. Самае галоўнае права ўласнасці – гэта ўласнасць на зямлю. Вылучаецца два шляхі станаўлення прыватнай маёмасці на гэты сродак вытворчасці. Першы – гэта прамы захоп абшчынных зямель князем (вярхоўным кіраўніком дзяржавы), які пачаў лічыцца ўласнікам усей зямлі ў дзяржаве. Другі шлях – гэта захоп абшчыннай зямлі больш заможнымі абшчыннікамі, якія карысталіся цяжкім гаспадарчым становішчам сваіх суабшчыннікаў. Разам з зямлёй у залежнасць да новага класа, што пачаў складвацца, – феадалаў пападалі і сяляне. Але не ўся зямля адразу перайшла ў маёмасць да знаці. Яшчэ некалькі стагоддзяў існавалі дзедзічы – землі, якія знаходзіліся ў спадчынным карыстанні ўсёй абшчыны.
Аднародная маса сялян-абшчыннікаў перастала існаваць. Разам са свабоднымі сялянамі (зваліся людзі) ужо існавалі смерды – залежныя ад феадалаў, закупы – часовазалежныя, да моманту звароту займаных грошай ці прадуктаў (“купы”), радовічы – часовазалежныя, звязаныя з феадалам нейкімі дагаварнымі абавязацельствамі (“рядам”). Была і катэгорыя хатніх рабоў – халопы, чэлядзь. Залежныя сяляне выконвалі павіннасці на карысць феадалаў – натуральны аброк – даніну (прадукцыяй раслінаводства – дзякло, прадукцыяй жывелагадоўлі – мезлева) і адпрацоўвалі паншчыну на зямлі феадала.
Крыніц з’яўлення феадалаў было некалькі. Самы галоўны феадал – гэта кіраўнік дзяржавы – князь. Ён лічыўся ўладаром усёй зямлі дзяржавы. Спачатку князь сам збіраў з насельніцтва княства даніну (палюддзе). Але потым права збору даніны было перададзена самым давераным асобам з дружыны князя – мужам, і гэта атрымала назву “кармленне” (права збору даходаў з воласці). Такім чынам, галоўная крыніца станаўлення класа феадалаў – гэта княжацкая дружына. Другая крыніца – гэта вылучэнне і ўзбагачэнне абшчыннай вярхушкі. Феадалы пасяляліся асобна ад сялян, іх умацаваныя рэзідэнцыі зваліся двор, дом, град.
У гэты перыяд пачалі складвацца асноўныя формы феадальнага землеўладання – вотчынная і памесная. Валоданне зямлёй на правах вотчыны давала права ўладальніку прадаваць, дзяліць, падараваць, перадаваць па спадчыне зямлю разам з сялянамі, што жывуць на ёй. Памесная форма землеўладання прадугледжвала толькі права карыстання маёнткам за службу князю. Продаж, падзел, перадача па спадчыне не дазваляліся. Адначасова развіваліся пераходныя формы землеўладання. Найбольш буйнымі землеўладальнікамі на Беларусі ў той час быў князь, яго дружыннікі – феадалы-баяры і хрысціянская царква (з канца X ст.).
Значныя ўдасканаленні на той час адбыліся ў галіне хатніх промыслаў. Удасканальваецца домніца і сырадутны метад атрымання жалеза, на Беларусі з’яўляецца ганчарнае кола і будуюцца спецыяльныя печы па абпальванню керамікі. Гэта ўсё садзейнічала таму, што чалавек павінен быў больш часу выдзяляць менавіта рамесніцкім заняткам, а ўдасканаліўшы сваю тэхніку, перайсці выключна на вытворчасць рамесніцкай прадукцыі для продажу ці абмену. Першыя рамесніцкія спецыяльнасці, што аддзяліліся ад земляробства (другі вялікі падзел працы пасля аддзялення ад земляробства жывёлагадоўлі), былі кавальская справа, ганчарства, апрацоўка скур і некаторыя іншыя. Наогул, на гэты час іх налічваецца каля 40. Але рамеснікі большую частку прадукцыі выконвалі на заказ, таму што ўнутраны рынак быў вельмі неразвіты, няшмат было пакупнікоў іх прадукцыі.
Адасабленне рамяства ад сельскай гаспадаркі ў сваю чаргу вызвала развіццё пастаяннага ўнутранага гандлю – з’явіліся спецыяльныя месцы, дзе вёўся гандаль – рынкі, таргі. Развіццё гандлёвых адносін з іншымі тэрыторыямі прывяло да з’яўлення на нашай тэрыторыі вялікай колькасці манет. Перыяд IX – X стст. – гэта час распаўсюджвання на Беларусі куфіцкага дырхема (сярэбраная манета Арабскага халіфата). Выкарыстоўваліся ў гандлі як цэлыя манеты, так і часткі (галоўным чынам на мясцовым рынку). Сярэбраныя грошы былі вельмі шырока распаўсюджаны на нашай тэрыторыі. Праз беларускія землі праходзіў “шлях з вараг у грэкі”, што звязваў Заходнюю і Паўночную Еўропу з Візантыяй і арабскім Усходам. У непасрэднай блізкасці ад яго ў 1973 г. быў адкрыты Казьянкаўскі манетны скарб (схаваны каля 940-х гг.), што ўключаў 7588 сярэбраных манет агульнай вагай каля 20 кг.
У выніку збяднення радовішчаў срэбра на Усходзе галоўнае месца ў грашовай сістэме на беларускіх землях заняў заходнееўрапейскі дынарый (канец X – першая палова XI стст.), але і ён хутка знік з прычыны феадальнага драблення дзяржаў Заходняй Еўропы. У так званы безманетны перыяд (другая палова XI – XIII стст.) у гандлёвых аперацыях выкарыстоўвалі плацёжныя зліткі з серабра (грыўны) ці іх вагавыя часткі.
Менавіта на працягу X – XIII стст. на Беларусі ўтварылася асноўная колькасць нашых старажытнейшых гарадоў. Горад выконваў функцыі: адміністратыўную (ён быў цэнтрам княства ці воласці, там месцілася адміністрацыя); рамесную (у горадзе канцэнтраваліся вытворцы, больш таго, з’явіліся першыя аб’яднанні рамеснікаў – брацтвы); гандлёвую (менавіта ў гарадах знаходзіліся гандлёвыя рынкі – таргі); рэлігійна-культурную (саборы і цэрквы будаваліся ў гарадах, тут засноўвалі манастыры, а пры іх – скрыпторыі па перапісцы кніг і школы); абарончую (дзякуючы моцным абарончым збудаванням, у гарадах хавалася насельніцтва навакольных сёл у час небяспекі). Гарады ўзнікалі на месцы родавых цэнтраў, маглі вырасці з феадальнага замка ці сяла (пры ўмове спрыяльнага геаграфічнага іх знаходжання), ці быць заснаванымі на новым месцы па волі князя. Самым старажытным горадам Беларусі з’яўляецца Полацак – старажытная сталіца крывічоў. Ён упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 862 год. Іншыя нашы гарады ўпершыню ўзгадваюцца: Віцебск – 974 г., Тураў – 980 г., Заслаўль – 988 г., Брэст – 1019 г., Браслаў – 1065 г., Мінск – 1067 г., Друцк – 1078 г., Барысаў – 1102 г., Гародня і Слуцк – 1116 г., Навагрудак – 1117 г.
Старажытныя беларускія гарады мелі ўсталяваўшуюся структуру. Галоўнай часткай горада з’яўляўся дзяцінец – умацаваны цэнтр горада, дзе знаходзілася рэзідэнцыя князя ці яго намесніка. Пад сценамі дзяцінца знаходзілася пасяленне рамеснікаў, гандляроў і іншых гараджан – пасад. Яго маглі таксама абнесці сценамі. Акрамя адміністратыўнага цэнтра – дзяцінца – існаваў і грамадскі цэнтр горада – торг ці рынак. Менавіта тут збіралася веча – агульны сход дарослых мужчын горада і акругі, што вырашаў важныя пытанні.
Такім чынам, на працягу X – XIII стст. у межах шматукладнага грамадства (спалучаліся рысы першабытнаабшчыннага, рабаўладальніцкага і феадальнага грамадстваў) адбылася перамога феадальных адносін. Узнікла феадальная зямельная маёмасць і клас залежных сялян. Адбылося адасабленне рамяства ад сельскай гаспадаркі, у выніку чаго значны штуршок у развіцці атрымаў гандаль, хутка сталі ўзнікаць гарады. Поспехі ў развіцці гаспадаркі спрыялі ўтварэнню першых дзяржаў на нашай тэрыторыі.
2. Першыя дзяржаўныя ўтварэнні. Полацкае, Тураўскае княствы і княствы Панёмання ў X – XIII стст.
Першая дзяржава, што ўтварылася на тэрыторыі сучаснай Беларусі – гэта Полацкае княства. Любая дзяржава ўтвараецца пад уплывам розных фактараў – геаграфічных, этнічных, сацыяльна-эканамічных. Полацкае княства ўяўляла сабой адзіны геаграфічны рэгіён, што ляжаў у басейне галоўнай ракі Заходняй Дзвіны, насялялі княства адзіны народ – крывічы-палачане, ступень эканамічнага развіцця якога была роўнай і гаспадарчыя заняткі сходныя.
Крывічы рассяліліся на Падзвінні з усхода на захад, займалі гарадзішчы днепра-дзвінскай і банцараўскай балцкіх археалагічных культур да VIII стст., а ў VIII-X стст. на Падзвінні шлі дзяржаваўтваральныя працэсы. Крывічы ўзгадваліся ў старажытных летапісах пад 856, 862, 944, 980 – і да 1128 года. Тым часам полацкія ўладары зваліся крывіцкімі князямі. Першым гістарычна вядомым полацкім князем быў Рагвалод, які прыйшоў з-за мора (магчыма, як і Рурык, быў варагам). Менавіта ў час яго праўлення канчаткова сфарміраваліся межы княства, упарадкаваліся палітычная сістэма і гаспадарчыя адносіны, была вызначана сталіца – былое балцкае гарадзішча днепра-дзвінскай культуры, названае крывічамі па рацэ Палаце (балцкі тапанім) Полацкам. Але гісторыя княства пачынаецца крыху раней. Упершыню Полацк узгадваецца пад 862 г. сярод іншых рускіх гарадоў, але ідылічных адносін з іншымі славянскімі плямёнамі не было. У 860-я гг. адбыўся паход кіеўскіх князёў Аскольда і Дзіра на Полацк. У 882 г. сталіцу крывічоў падпарадкаваў Кіеву вядомы старажытнарускі князь Алег. У 907 г. Полацк, як саюзнік Кіева, прымаў удзел у сумесным паходзе рускіх князёў на сталіцу Візантыйскай імперыі – Царград (Канстантынопаль).
РАГВАЛОД, пачынальнік дынастыі полацкіх князёў, магчыма вывеў княства з-пад улады Кіева, бо ў барацьбе сыноў кіеўскага князя славутага Святаслава яны абодва – і Ўладзімір, і Яраполк дамагаліся падтрымкі Рагвалода. Згодна з прыгожай легендай, той, хто мог атрымаць падтрымку Рагвалода, вырашалася не па палітычных матывах, а па жаданні яго дачкі Рагнеды. Князь, які спадабаецца князёўне, атрымае і руку прыгажуні, і войска крывічоў. Выбар Рагнеды прыйшоўся на Яраполка, што сядзеў у Кіеве. Тады Ўладзімір сабраў у сваім Ноўгарадзе войска, з якім ён авалодаў Полацкам у 980 г. (Рагвалод і яго сыны былі забіты, а Рагнеда сілай узята ў жонкі) і крыху пазней – і Кіевам, пры гэтым быў падманам забіты Яраполк. Так Уладзімір стаў адзіным кіраўніком вялікай дзяржавы, якая аб’яднала Ноўгарад Вялікі, Полацак і Кіеў – тры галоўныя палітычныя цэнтры ўсходніх славян. Ад Рагнеды (а яна была не адна жонка ў Уладзіміра) ён меў сыноў – Ізяслава Полацкага, Яраслава Мудрага, Мсціслава Чарнігаўскага і Ўсевалада Ўладзіміра-Валынскага (усе яны былі выключнымі асобамі, пакінулі вялікі след у гісторыі Кіеўскай Русі).
Да гэтага часу Еўропа ўжо стала хрысціянскай, нават суседнія славянскія дзяржавы – Польша, Чэхія прынялі новую рэлігію як дзяржаўную. Каб не быць ізаляванымі, Уладзімір вырашае таксама прыняць хрысціянства. Бліжэйшы хрысціянскі цэнтр – Канстантынопаль – ён жа і галоўны палітычны ігрок у рэгіёне. Таму менавіта з Візантыі Уладзімір запрасіў місіянераў, а не з далёкага і аслабленага Рыму. Але прыняцце новай рэлігіі патрабавала адмовіцца ад некаторых паганскіх з’яў, у тым ліку мнагажэнства. Тым часам палітычны саюз з Візантыяй добра было падмацаваць шлюбным саюзам. Уладзімір адсылае сваіх жонак, прымае хрысціянства і бярэ шлюб з візантыйскай прынцэсай Ганнай. У тым жа годзе (988) Рагнеду пасля няўдалага замаху на жыццё мужа адсылаюць разам з малалетнім сынам Ізяславам у Полацкае княства. Ізяслаў, як прамы нашчадак Рагвалода, адраджае самастойную дынастыю полацкіх князёў, а Рагнеда прымае новую веру, пастрыгаецца ў манахіні і жыве да 1000 г. у пабудаваным для яе горадзе Заслаўлі, названым так у гонар яе сына.
ІЗЯСЛАЎ княжыў у Полацку прыкладна з 988? па 1001 гг. Гэта быў адукаваны князь, які клапаціўся аб распаўсюджанні хрысціянства і адукацыі ў сваім княстве, за гэта яго празвалі “князь-кніжнік”. Праз два гады пасля смерці бацькі на полацкі прастол узышоў малалетні БРАЧЫСЛАЎ ІЗЯСЛАВАВІЧ (1003-1044 гг.). Менавіта пры гэтым князе Полацкая дзяржава пачала сваё хуткае ўзвышэнне і дасягнула найвялікшай палітычнай вагі. Але спачатку Брачыславу трэба было падрасці. У 1021 г. Брачыслаў выступае супраць свайго роднага дзядзькі, наўгародскага князя Яраслава Ўладзіміравіча (Мудрага), захоплівае Ноўгарад і выводзіць у Полацк мноства палонных з маёмасцю. Яраслаў у горадзе адсутнічаў, ён спяшаецца перахапіць Брачыслава і ў бітве на рацэ Судаміры вялікімі намаганнямі перамагае палачан. У той жа год (1021) было падпісана пагадненне паміж Яраславам і Брачыславам, згодна з якім да Полацкага княства адыходзілі Віцебск і Ўсвяты (гэтыя гарады кантралявалі валокі на галоўным адгалінаванні шляху з варагаў у грэкі), больш таго, кіраўніцтва Кіевам да 1026 г. ажыццяўлялі абодва князя праз сваіх намеснікаў. Калі ў 1026 г. Яраслаў Мудры стаў вялікім кіеўскім князем, Брачыслаў супраць не выступіў – кантроль над галоўнай гандлёвай артэрыяй усё роўна ажыццяўляў Полацк, і менавіта гэтае вызначала вядучае становішча Полацкай дзяржавы ў той час сярод усходніх славян.
Брачыслаў тым часам актыўна пашыраў межы княства ў паўднёвым і заходнім напрамках, у першую чаргу падпарадкоўваліся землі, што ляжалі уздоўж Заходняй Дзвіны. На захадзе княства межавалася з землямі балцкіх плямёнаў, якія не мелі яшчэ сваёй дзяржавы і гарадоў. Таму палачане засноўвалі на заходніх землях свае пасяленні. Так у гонар Брачыслава быў заснаваны горад Браслаў (упершыню ўзгаданы пад 1065 г.), на Дзвіне заснаваны гарады Герцыке і Кукейнос. Часта балцкія кунінгасы рабілі рабаўніцкія набегі на славянскія паселішчы з мэтай рабаўніцтва, і тады збіраліся вялікія паходы ўсходнеславянскіх князёў на “Літву”. У 1040 г. на “Літву” хадзілі са сваімі дружынамі Яраслаў Мудры і Брачыслаў.
Яшчэ ў 1029 г. у Брачыслава нарадзіўся сын – УСЯСЛАЎ, пазней празваны Чарадзеем. З 1044 па 1101 гг. ён кіраваў Полацкім княствам. У спадчыну Ўсяславу дасталася моцная дзяржава і вялікія грашовыя сродкі, а так сама палітычны аўтарытэт кіраўніка магутнага княства.
У 1054 г. памірае Вялікі кіеўскі князь Яраслаў Мудры. Ён пакідае 7 нашчадкаў, а каб старэйшыя з іх не прыцяснялі малодшых, завяшчае полацкаму князю быць гарантам выконвання ўмоў свайго тэстаменту. Амаль 10 год працягвалася мірнае суіснаванне дзвюх старажытнарускіх дынастый – Рагвалодавічаў і Яраславічаў. Але ў 1065 г. пачынаецца барацьба Ўсяслава з Кіевам і Ноўгарадам, якімі валодалі старэйшыя Яраслававы сыны. Усяслаў спрабаваў захапіць Пскоў, але няўдала. У наступным годзе (1066) Усяслаў захапіў і разрабаваў Ноўгарад, вывез з наўгародскага Сафійскага сабору царкоўныя рэчы для пабудаванага раней ў Полацку трэцяга ва ўсходніх славян Сафійскага сабора.
Зімой наступнага 1067 г. кааліцыя Яраславічаў арганізавала паход на Полацкае княства. Быў спалены Мінск, каля яго на р.Нямізе адбылася галоўная бітва паміж Яраславічамі і Усяславам, дзе апошні быў разбіты. Каб перадухіліць разрабаванне сваёй зямлі, Усяслаў згадзіўся на перамовы. Але пад час іх ён быў узяты ў палон і вывезены з двума сынамі ў Кіеў. Неўзабаве ў Кіеве адбылося паўстанне гараджан, кіеўскі князь быў выгнаны, а Усяслаў вызвалены і пастаўлены на кіеўскі прастол. Толькі сем месяцаў ён быў кіеўскім князем. Да горада падступіў выгнаны Ізяслаў Яраславіч з войскам свайго цесця, польскага караля Баляслава. Усяслаў вымушаны быў адысці да Полацка, але Ізяслаў выгнаў яго і адтуль. З 1069 па 1071 гг. у Полацку сядзелі сыны Ізяслава Яраславіча – Мсціслаў і Святаполк. Усяслаў збіраў сілы на тэрыторыі прыбалтыйскага племені водь. Толькі ў 1071 г. ён аднавіў свой кантроль над Полацкай дзяржавай. Больш да самай смерці Усяслаў Чарадзей не прадпрымаў ваенных аперацый супраць Яраславічаў, і нашчадкі Яраслава таксама не турбавалі палачан. Гэтыя 30 год міру сталі перыядам упарадкавання дзяржаўнага ладу княства, перыядам гаспадарчага росквіту, росту гарадоў. На тэрыторыі княства было 35 гарадоў, а самы вялікі – Полацк налічваў да 10 тысяч жыхароў. Самыя вялікія гарады сталі цэнтрамі ўдзельных княстваў.
На прыканцы XI ст. адбылося некалькі з’ездаў усходнеславянскіх князёў (у Любечы, Увецічах, каля Долабаўскага возера), на якіх яны вырашылі – “кожны трымае вотчыну сваю”. Гэта стала пачаткам феадальнага драблення Кіеўскай Русі. Полацкія князі не прымалі ўдзелу ў з’ездах, бо яшчэ пры жыцці Усяслаў сам падзяліў сваё княства на ўдзелы паміж шасцю сынамі. Галоўны ўдзел – Полацкі – дастаўся Рагвалоду (у хрышчэнні Барысу), Мінскі – Глебу. Апошні атрымаў ад бацькі не толькі Мінск, але і турботны характар. Глеб стаў праводзіць актыўную палітыку. У 1116 г. ён здзейсніў паход на Слуцк, што быў пад кантролем Кіева (уваходзіў у Тураўскае княства), адбіў паходы паўднёварускіх князёў на Мінск, Оршу і Копысь. У наступным годзе (1117) Глеб ваяваў са Смаленскам і Ноўгарадам. Як і ў выпадку з Усяславам, гэтая актыўнасць мінскага князя выклікала вялікі паход рускіх князёў на Мінск. У 1119 г. Мінск быў асаджаны, Глеб узяты ў палон, вывезены ў Кіеў і пасаджаны ў поруб, дзе і памёр пры загадкавых абставінах. Нягледячы на гэтую паказальную расправу, нашчадкі Усяслава (полацкая дынастыя) кожны раз падкрэслівалі сваю незалежнасць, у прыватнасці, адказваліся ўдзельнічаць у аб’яднаных паходах на полаўцаў, якія дапякалі паўднёварускім княствам. Вялікі кіеўскі князь Мсціслаў у 1129 г. арганізаваў паход 7 рускіх князёў на Полаччыну. Пад час паходу былі схоплены ўсе ўдзельныя полацкія князі разам з сем’ямі і ў той жа год адпраўлены ў выгнанне ў Візантыю пад нагляд імператара Івана II, зяця Мсціслава. Усяславічы прымалі актыўны ўдзел у войнах супраць сарацын чым заваявалі пашану імператара. Пасля смерці ў Кіеве Мсціслава (1139), у жывых з полацкай дынастыі засталіся Васіль і Іван, якія вярнуліся на радзіму.
У Полацку за дзесяцігоддзе з 1129 па 1139 гг. адбыліся значныя змены. У адсутнасць нашчадкаў Усяслава значна вырасла роля гарадскога веча – агульнага сходу палачан і жыхароў полацкай зямлі, што вырашалі розныя пытанні жыцця і кіравання дзяржавай. Так, ужо ў 1132 г. на полацкі трон вечам быў абраны Васілька, які належыў да полацкай дынастыі, але з 40-х гг. Полацкая зямля вярнулася да былых выгнаннікаў. Але веча таксама існавала і ўмацоўвала свае пазіцыі. Акрамя Полацка яно існавала і ва ўдзельных княствах Полацкай зямлі – Друцкім, Віцебскім, Менскім, Заслаўскім, Лагойскім. Вялікую палітычную ролю ў Полацку адыгрываў і епіскап – глава хрысціянскай епархіі.
Роля веча была вельмі значнай. Яно кантралявала дзейнасць князя, запрашала ці выганяла кіраўніка дзяржавы. Веча вырашала пытанні вайны і міру, ад яго імя заключаліся мірныя і гандлёвыя пагадненні, ажыццяўляўся вышэйшы суд (веча – апошняя апеляцыйная інстанцыя). Але і княжаская ўлада заставалася значнай. Князь кіраваў дружынай і гарадскім апалчэннем, забяспечваў абароназдольнасць дзяржавы. Князь узначальваў адміністратыўна-упраўленчы апарат дзяржавы а таксама ажыццяўляў суд. Полацкі князь мог раздаваць воласці іншым князям-васалам. Рэзідэнцыя князёў была вынесена за межы Полацка – ў Бельчыцы, дзе так сама быў заснаваны Барысаглебскі манастыр, пабудаваны вялікія княжаскія палаты.
Двоеўладдзе (князь-веча) было вынікам гаспадарчага і сацыяльнага развіцця Полацкай зямлі. Феадальны ўклад перамагаў родаплемянныя адносіны. На першы план ў грамадстве выходзілі баяры і дружыннікі, што ўжо станавіліся феадаламі, уладальнікамі вотчын і залежных сялян. Сярод князей з’яўляюцца “старэйшыя” і “малодшыя” – васалы старэйшых. У гарадах засноўваліся першыя “братчыны” – арганізацыі купцоў і рамеснікаў, на чале якіх стаялі найбольш уплывовыя гараджане. Так інтарэсы новых класаў усё часцей не супадалі з інтарэсамі княжацка-партыярхальнай вярхушкі.
У 1151 г. адбылося першае выступленне полацкага веча супраць князя. Рагвалод Барысавіч выгнаны, на трон запрошаны мінскі князь Расціслаў Глебавіч, але не надоўга. Ужо ў 1158 г. у Полацак вярнуўся Рагвалод. А ў 1162 г. веча запрасіла на княжэнне Ўсяслава Васількавіча з Віцебска, які правіў да 1186 г. У гэты час адбываецца хуткае драбленне Полацкай зямлі на ўдзелы і, суадносна, распачынаюцца міжусобныя сутычкі паміж Рагвалодавічамі. Усё гэта значна паслабляла былую магутную дзяржаву крывічоў. Ужо ў хуткім часе з’явяцца нямецкія рыцары, ваяўнічасць якіх паставіць існаванне ўдзельных княстваў Полацкай зямлі пад пытанне.
У 1201 г. з дазволу полацкага князя Ўладзіміра біскупам Альбертам была пабудавана крэпасць Рыга. У наступным годзе (1202) біскуп разам з абатам Тэадорыкам заснавалі ваенна-манашаскі ордэн мечаносцаў, асноўнай мэтай яго існавання было абвешчана распаўсюджанне хрысціянства сярод латышоў, эстаў і куршаў і абарона лацінскага касцёла ў Прыбалтыцы. Але больш увагі мечаносцы ўдзялялі захопу новых тэрыторый, што ўжо належылі ці знаходзіліся ў залежнасці ад Полацка. Полацкі князь Уладзімір позна зразумеў сваю памылку. З 1203 г. па 1210 г. вялася барацьба Полацка і Рыгі, пад час якой Полацк страціў Кукейнос (1208 г.) і Герцыке (1209 г.), кантроль над Ніжнім Падзвіннем і перастаў атрымліваць даніну ад ліваў і латгалаў (дагаворы 1210 і 1212 гг. з крыжакамі). Тым не менш, Уладзімір арганізаваў вялікі сумесны паход палачан, літоўцаў і эстаў супраць ордэна, але ў дзень адпраўлення вялікага войска князь нечакана памёр, верагодна, быў атручаны крыжацкімі шпіёнамі. Паход праваліўся, а наступленне крыжакоў працягвалася. У 1224 г. выгнаны з Кукейнаса князь Вячка загінуў пры абароне эстонскага горада Юр’еў (зараз Тарту), яшчэ раней, у 1214 г., пасля смерці князя Усевалада, цалкам пад уладу Рыгі перайшоў Герціке. Полацк страчваў свае пазіцыі, і паскорыўся гэты працэс са з’яўленнем у Прыбалтыцы яшчэ аднаго ордэна – Тэўтонскага. Тэўтонцы былі выгнаны з Палесціны сарацынамі, і іх запрасіў да сябе адзін з польскіх князёў – Конрад Мазавецкі. Тэўтонцы аселі на землях балцкага племені прусаў (1230 г.). Хутка яны знішчылі прусаў і пачалі рабаваць польскія, літоўскія і беларускія землі.
Барацьба з мечаносцамі і тэўтонцамі вялася з пераменным поспехам. У 1236 г. літоўцы перамаглі мечаносцаў пад Шаўляем, у 1237 г. – Даніла Галіцкі перамог крыжакоў пад Драгічынам. Як вынік – у тым жа годзе (1237) адбылося аб’яднанне Тэўтонскага ордэна і ордэна мечаносцаў, апошні стаў называцца Лівонскім ордэнам. Аб’яднаныя сілы крыжакоў былі ўшчэнт разбітыя Аляксандрам Неўскім у 1242 г. у бітве на Чудскім возеры каля Пскова. Крыху раней малады наўгародскі князь Аляксандр перамог шведскіх рыцараў на рацэ Няве (1240 г.), дзе ў бітве прымалі ўдзел полацкія дружыны, асабліва вызначыўся Якаў Палачанін. Гэтыя перамогі прыпынілі актыўныя наступальныя мерапрыемствы крыжакоў, але не адвялі пагрозу рэгулярных наездаў крыжакоў на славянскія і балцкія землі з рабаўніцкімі мэтамі.
З 60-х гг. XIII ст. узмацніліся сувязі Полацка з Наваградкам, на полацкае княжэнне сталі запрашаць літоўскіх князёў, наладжваліся сумесныя паходы літоўскіх, наваградскіх і полацкіх дружын супраць крыжакоў (бітва каля возера Дурбе 1260 г.). Цесныя сувязі з Вялікім княствам Літоўскім садзейнічалі ўстанаўленню саюзных адносін і паступоваму ўваходжанню Полацкай зямлі ў склад ВкЛ, але з пэўнымі правамі на аўтаномію.
Калі на поўначы сучаснай Беларусі месцілася Полацкае княства, то паўднёвыя землі займала другое дзяржаўнае ўтварэнне на Беларусі – княства Тураўскае. Гэта княства месцілася на землях дрыгавічоў, у басейне ракі Прыпяць. Калі Заходняя Дзвіна – вялікі гандлёвы шлях з Балтыкі на поўдзень, то Прыпяць – бойкі гандлёвы шлях паміж Кіевам і Заходняй Еўропай. Да таго тут былі ўрадлівыя землі, спрыяльны мяккі клімат і лясы, багатыя на дзічыну і сыравіну. Усе гэта спрыяла больш хуткаму развіццю земляробства, аддзяленню рамяства і станаўленню ранняга феадальнага грамадства.
Першы галоўны горад княства – Тураў упершыню ўзгадваецца пад 980 г. у сувязі з князем Турам, які, як і Рагвалод Полацкі, быў з варагаў. Але хутка Тураў быў падпарадкаваны суседняму Кіеву, і тут склалася традыцыя – Тураў атрымліваў старэйшы сын Вялікага кіеўскага князя, які займаў потым бацькава месца ў Кіеве, а Тураў зноў атрымліваў старэйшы сын новага кіеўскага князя. Пачаў гэтую традыцыю Уладзімір Святаслававіч, у 988 г. ён перадаў Тураў старэйшаму сыну Святаполку, Яраслаў Мудры – Ізяславу і г.д. Знаходзячыся пад уплывам Кіева, Тураўскія князі прымалі ўдзел у паходах супраць Полацка ў 1127 г. Калі пачалася міжусобная барацьба за Кіеў (у XII ст.), Тураў таксама вельмі часта стаў пераходзіць з рук у рукі розных паўднёварускіх княжацкіх родаў. Толькі ў 50-я гг. 12 ст. Тураў вярнуўся да дынастыі Ізяславічаў, а тураўскім князем стаў Юры Яраславіч. У 1158 г. кааліцыя шасці рускіх князёў на чале з кіеўскім Ізяславам дзесяць тыдняў асаджала Тураў, мэтай Ізяслава было выгнаць Юрыя і аднавіць свой уплыў на тураўскія справы. Але горад меў добрыя ўмацаванні, Юры карыстаўся падтрымкай гараджан, і самая працяглая асада горада часоў Кіеўскай Русі скончылася безпаспяхова. У 1160 г. Юры таксама паспяхова вытрымаў трохтыднёвую аблогу валынскімі войскамі. Першы адзіны князь Тураўскай зямлі стаў і апошнім яе ўладаром. Юры, як і Ўсяслаў Чарадзей, меў некалькі сыноў, паміж якімі падзяліў сваё княства. Былі ўтвораны ўдзелы – Тураўскі, Пінскі, Клецкі, Слуцкі, Дубровіцкі. З цягам часу дробныя княствы трапілі ў залежнасць ад магутнага галіцка-валынскага князя. Асаблівасці палітычнай гісторыі мелі вынікам асаблівасці палітычнага ладу ў Тураўскім княстве. Вялікую ролю ў Тураве адыгрывала веча. Менавіта з яго згоды Кірыла Тураўскі быў абраны епіскапам Турава. У Тураве існавала некалькі адміністратыўных пасад, што выконвалі функцыі, блізкія да некаторых княжаскіх функцый. Так, тысяцкі ўзначальваў гарадское апалчэнне, яго абавязак – ваеннае кіраўніцтва. Акрамя таго, у Тураве дзейнічаў пасаднік – галоўны кіраўнік цывільнай адміністрацыі княства. Такая пасада яшчэ існавала толькі ў Ноўгарадзе Вялікім.
Калі Полацкае княства змагалася з крыжакамі, Тураўскае княства, разам з іншымі рускімі княствамі пазнала жорсткасць мангола-татарскай няволі. У 1240-1241 гг. Былі разрабаваны і спалены паўднёвабеларускія гарады, у тым ліку Гомель, Мазыр, Брэст.
Крыху пазней за Полацкае і Тураўскае княствы, на захадзе сучаснай Беларусі ўтвараліся невялікія ўдзельныя славянскія княствы. Адбывалася гэта адначасова з асіміляцыяй славянамі мясцовага балцкага насельніцтва. Сярод княстваў Верхняга Панёмання трэба адзначыць найбольш старажытныя і важныя – Наваградскае, Ваўкавыскае і Гродзенскае. Пад 1116 г. ёсць паведамленне пра гродзенскага князя Усеваладка (памёр у 1141 г.), што стаў зяцем Уладзіміра Манамаха. Наваградскі князь упершыню ўзгадваецца пад 1235 г., ім быў Ізяслаў. На службе ў наваградскага князя з 1240 г. знаходзіўся выгнаны з Літвы стваральнік адзінага літоўскага княства МІНДОЎГ. Пасля смерці Ізяслава веча абрала князем наваградскім Міндоўга, але пры ўмове прыняцця ім хрысціянства і далучэння да Наваградка літоўскіх земляў. Гэтыя ўмовы наваградскіх баяраў супадалі з імкненнямі Міндоўга. У 1246 г. Міндоўг прымае праваслаўе і становіцца князем наваградскім. Актыўная знешняя палітыка Міндоўга, яго ўзвышэнне з’явілася падставай для стварэння антынаваградскай кааліцыі, у якой самы актыўны ўдзел прымалі крыжакі. Каб пазбавіць крыжакоў падстаў для нападу на свае землі, Міндоўг прымае хрышчэнне па каталіцкім абрадзе (1251 г.) і атрымлівае з Рыма ад Інакенція XIV каралеўскую карону. Аднак гэта не ўтрымала крыжакоў. Адначасова на княства нападалі галіцка-валынскія князі. Станаўленне адзінай беларуска-літоўскай дзяржавы суправаджалася не толькі нападамі знешніх ворагаў, але і мяцежамі літоўскай знаці. Міндоўг доўгі час з поспехам супрацьстаяў цяжкасцям. У 1254 г. ён заключыў пагадненне з галіцка-валынскімі князямі, падмацаванае шлюбам сваёй дачкі з сынам галіцкага князя Данілы – Шварнам. У 1260 г. ушчэнт былі разбіты войскі крыжакоў каля возера Дурбе, раней, у 1249 г. Міндоўг перамог татарскага хана Койдана каля Крутагор’я. Але ў 1262 г. у выніку змовы літоўскай знаці Міндоўг быў забіты. Тым не менш, ён паспеў стварыць і замацаваць новую адзіную славяна-літоўскую дзяржаву – Вялікае княства Літоўскае. На першым этапе існавання яно ахоплівала заходнебеларускія землі і частку сучаснай Літвы.
3. Рэлігія славян. Распаўсюджанне хрысціянства на Беларусі
Да прыняцця хрысціянства ўсходнія славяне з’яўляліся язычнікамі ці паганцамі. Гэта значыць, што яны пакланяліся розным з’явам прыроды – агню, сонцу, месяцу, вадзе і г.д. Напярэдадні хрысціянізацыі склаўся пантэон багоў славян, якія мелі антропаморфны выгляд (выглядалі як людзі). Галоўныя багі – Пярун – бог грому, маланкі і вайны, Сварог – бог неба, Ярыла – бог сонца, Велес – бог-абаронца хатняй жывёлы. Цэнтрамі язычніцкай рэлігіі былі свяцілішчы – капішчы, дзе адбываліся малебны, ахвярапрынашэнні, у тым ліку і чалавечыя. Служкай паганскага культу быў жрэц – пасрэднік паміж людзьмі і багамі. Жрацы падтрымлівалі агонь на капішчах, бо агонь валодаў свяшчэннай ачышчальнай сілай. Сваіх нябожчыкаў славяне спальвалі на вогнішчы, а знатных – нават разам з жонкамі, рабамі і вялікай колькасцю прылад працы. Гэта гаворыць аб існаванні развітых уяўленняў пра жыццё пасля смерці.
Менавіта ў той час склаліся галоўныя святы славян, звязаныя з сельскагаспадарчым і каляндарным цыкламі, шанаваннем продкаў. Некаторыя з іх дайшлі да нашых дзён. Гэта зажынкі – пачатак уборкі ўраджаю, звязванне першага снапа і дажынкі – свята апошняга снапа; масляніца – свята адраджэння сонца ў пачатку вясны, калі пякліся бліны – сімвалы нябеснага свяціла. Культ шанавання продкаў увасабляецца ў святах Дзяды і Радаўніца. Новы год у славян пачынаўся з сакавіка месяца – гэта таксама было звязана з нараджэннем сонца, хуткім пачаткам сельскагаспадарчай працы.
Але паганства ўжо не адпавядала патрэбам кіруючай вярхушкі Кіеўскай Русі. Суседнія дзяржавы і дзяржавы, з якімі ўсходнія славяне былі звязаны гандлёвымі сувязямі адмовіліся ад паганства на карысць хрысціянства (Еўропа), ці мусульманства (Азія). На землях Старажытнай Русі таксама былі знаёмы з хрысціянствам. Бабка Уладзіміра Святаславіча, княгіня Вольга, прыняла хрысціянства ў Канстантынопалі разам з некаторымі прадстаўнікамі кіеўскай знаці. У Кіеве пад час княжання Святаслава дзейнічала Дзесяцінная царква, і шмат кіеўлян, што арыентаваліся на супрацоўніцтва з Візантыяй (асабліва нараджаемае заможнае купецтва) веравызнавалі хрысціянства па ўсходнім абрадзе.
На Полаччыне былі свае прыклады знаёмства мясцовых жыхароў з хрысціянствам, якое пачало пранікаць у IX ст. Ісландскі помнік пісьменнасці “Сага аб хрышчэнні” распавядае пра Торвальда Вандроўніка (ён ахрысціў Ісландыю), які вяртаўся на радзіму пасля паломніцтва ў Палесціну. Яго шлях пралягаў праз Полацк, дзе місіянер заснаваў манастыр Іаана Прадцечы, але неўзабаве і сам памёр (пахаваны ў гэтым манастыры).
Былі знаёмы з хрысціянствам у сям’і першага гістарычна вядомага полацкага князя Рагвалода. Нездарма Рагнеда аддала перавагу Яраполку, а не Ўладзіміру – першы спрыяльна адносіўся да хрысціян. Усе дзеці Рагнеды былі вядомы сваімі прыхільнымі адносінамі да хрысціянства. Пасля ліквідацыі гарэма Уладзіміра Рагнеда пастрыглася ў манашкі, узяўшы імя Анастасія і жыла ў Заслаўі ў скіце, які, на жаль, так і не пераўтварыўся ў першы жаночы манастыр на Беларусі.
Афіцыйна Кіеўская Русь прыняла хрышчэнне ў 988 г. Ужо ў 992 г. у Полацку была заснавана епархія – царкоўная тэрытарыяльная адзінка, што кіравалася епіскапам. Была пабудавана першая царква ў імя Багародзіцы. Першымі епіскапамі былі грэкі (з Візантыі) ці балгары. У 1005 г. была заснавана Тураўская епархія. Абедзве епархіі ўваходзілі ў склад Кіеўскай мітраполіі. Самым вядомым тураўскім епіскапам быў наш славуты культурны дзеяч Кірыла Тураўскі, які жыў у XII стагоддзі.
Распаўсюджванне хрысціянства ішло досыць марудна, яно хутка пранікала ў сем’і феадалаў і знаці, купецкага люду, але амаль не мела ўплыву ў сельскай мясцовасці, дзе па-ранейшаму шанавалі старых паганскіх багоў. Гэтаму спрыяла суседства беларускіх зямель з балцкімі плямёнамі, што веравызнавалі язычніцтва. Адначасова тут спрабавала распаўсюдзіць уплыў хрысціянства заходняга абраду. Яшчэ ў 1013 г. у Тураве дзейнічаў біскуп Рэйнберг з Калобжыц, што прыехаў разам з дачкой польскага караля Баляслава, жонкай тураўскага князя Святаполка Уладзіміравіча. Хрысціянская царква юрыдычна была адзінай, але паміж заходняй і ўсходняй часткай яе існавалі вельмі напружаныя адносіны. Па загаду вялікага кіеўскага князя Уладзіміра Рэйнберг быў зняволены ў Кіеве, дзе і памёр. У 1054 г. хрысціянская царква канчаткова падзялілася на праваслаўе і каталіцтва, што дало ідэалагічную падставу ў XIII ст. нямецкім рыцарам рабіць напады на славянскія землі – яны ваявалі супраць “схізматыкаў”, ератыкоў і неслі разам з агнём і крыжом “сапраўдную” веру – каталіцтва.
Пад час барацьбы за княжаскі трон у Кіеве (пасля смерці Уладзіміра) у 1015 г. былі забіты князі-браты Барыс і Глеб. Менавіта яны сталі першымі ўсходнеславянскімі святымі (кананізаваны ў 1072 г.). Гэтых святых шанавалі ў Полацкім княстве. Два сыны Ўсяслава Чарадзея названыя ў гонар святых. У сваю чаргу, сын Усяслава Барыс мае прамое дачыненне да так званых “барысавых камянёў”. На велізарных валунах, што з’яўляліся язычніцкімі фетышамі, ён загадаў выбіць хрысціянскі сімвал – шасціканцовы крыж з надпісам “Господі помозі”. Гэта быў адзін з метадаў барацьбы з язычніцтвам. Выкарыстанне язычніцкіх святынь хрысціянствам дапамагала распаўсюджванню новай рэлігіі, стварала бачнасць пераемнасці. Так, нават полацкая Сафія была пабудавана Ўсяславам Чарадзеем (1050-я гг.) на месцы старажытнага паганскага капішча.
Яшчэ адзін з метадаў пашырэння хрысціянства – гэта заснаванне манастыроў. Паводле некаторых звестак, першыя манастыры ўзніклі ўжо ў X ст. Гэта полацкі манастыр св. Іаана Прадцечы (заснаваны Торвальдам Вандроўнікам) і пінскі Лешчынскі (заснаваны кіеўскім князем Уладзімірам). Але дасканала вядома пра манастыры на Беларусі толькі з XII ст. У Полацку гэта – жаночы св. Спаса і мужчынскі св. Багародзіцы (заснаваныя Еўфрасінняй Полацкай), Барысаглебскі ў Бельчыцах пад Полацкам. У пачатку XII ст. у Тураве быў заснаваны жаночы Варварынскі манастыр (заснавала Варвара, жонка Святаполка Ізяславіча) і Барысаглебскі (у ім знаходзілася рэзідэнцыя епіскапа). Манастыры карысталіся значнай падтрымкай ад князёў, частка манахаў і манахінь былі са знатных феадальных родаў.
Са стварэннем ВкЛ адносіны да рэлігіі з боку кіраўнікоў княства крыху змяніліся. Вялікія літоўскія князі, за рэдкім выключэннем, спрыяльна ставіліся да язычніцтва. А ў цяжкіх палітычных абставінах яны з лёгкасцю маглі мяняць веравызнанне на тое, што давала большыя палітычныя перавагі. Так, Міндоўг прыняў праваслаўе ў 1246 г., каталіцтва ў 1251 г., а ў 1261 г. наогул вярнуўся да паганства. Пры князі Трайдзене літоўцы-хрысціяне падвяргаліся ганенням. Тым не менш, да пачатку XIV ст. хрысціянства на беларускай частцы ВкЛ атрымала канчатковую перамогу. На літоўскай частцы ВкЛ пераважна веравызнавалі язычніцтва, але былі і хрысціяне – як праваслаўныя, так і каталікі.
Спіс выкарыстаных крыніц
1. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 1-5; Т. 6. Кн. 1-2. Мн.: БелЭн, 1993-2003.
2. Шымуковiч С.Ф. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый / Шымуковiч С.Ф.– Мн., 2005. – 235 с.
3. Доўнар-Запольскі М.В. Гісторыя Беларусі / Доўнар-Запольскі М.В.- Мінск, 1994.