Каталог курсовых, рефератов, научных работ! Ilya-ya.ru Лекции, рефераты, курсовые, научные работы!

Характарыстыка грамадска-палітычнага ладу і права Старажытнай Беларусі

Характарыстыка грамадска-палітычнага ладу і права Старажытнай Беларусі














Характарыстыка грамадска-палітычнага ладу і права Старажытнай Беларусі




ЗМЕСТ


1. Агульная характарыстыка грамадска-палітычнага ладу ў другой палове 1- га тыс. н. э

2. Грамадскі лад усходнеславянскіх княстваў у IX - першай палове XIII ст

3. Палітычны лад Полацкага і Тураўскага княстваў

4. Станаўленне права Старажытнай Беларусі і яго характарыстыка

Спіс выкарыстаных крыніц


1. Агульная характарыстыка грамадска-палітычнага ладу ў другой палове 1-га тыс. н. э


Адным з найбольш спрэчных і цяжкіх пытанняў усяго курса гісторыі Беларусі наогул і гісторыі дзяржавы і права ў прыватнасці з'яўляецца пытанне, калі ўсё-такі з'явілася дзяржаўнасць ва ўсходніх славян. Буйны гісторык права С.В.Юшкоў лічыў, што першыя прыкметы дзяржаўнасці ў славян адзначаюцца пасля VII ст. н. э. Акадэмік Б.А.Рыбакоў сцвярджае, што дзяржаўнасць у славян узнікла намнога раней, недзе на памежжы старой і новай эры. Вельмі цікавыя думкі аб узнікненні дзяржавы і яе сутнасці выказвае вучоны Беларусі, доктар юрыдычных навук прафесар Я.А.Юхо. У прыватнасці, ён адзначае, што на тэрыторыі сучаснай Беларусі дзяржава ўзнікла за многа гадоў да нашай эры. Прафесар Я.А.Юхо лічыць, што на рубяжы нашай эры ішоў працэс станаўлення рабаўладальніцкага і адмірання абшчынна-патрыярхальнага ладу. Абодва гэтыя лады працяглы час суіснавалі і ўзаемна дапаўняліся. Рабаўладальніцкі лад не дасягнуў найвышэйшага развіцця і ў X ст. пад уздзеяннем феадальных адносін пачаў прыходзіць у заняпад. У сваіх поглядах Я.А.Юхо не адзіны. Напрыклад, прафесар В.І.Гарамыкіна не згодна з думкай аб тым, што феадалізм у Еўропе пачаў развівацца адразу пасля падзення Рымскай імперыі (476 г.). Яна сцвярджае, што ў выніку вялікага перасялення народаў на тэрыторыі былой Рымскай імперыі ўзніклі новыя дзяржавы, якія існавалі нядоўга у параўнапні са старажытнымі цывілізацыямі. В І.Гарамыкіна настойвае на тым, што ў Кіеўскай Русі як і у іншых дзяржавах, спачатку існавала рабаўладальніцкая фармацыя, якая ў XII - XIII стст. змянілася феадальнай.

На думку прафесара Г.В.ПІтыхава, у VI - VIII стст. у славян, у тым ліку ў крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў, існавала патрыярхальнае рабства. Што тычыцца больш ранейшага перыяду (прыкладна да VI - VII стст.) то на тэрыторыі сучаснай Беларусі родаплемянное грамадства знаходзілася на стадыі ваеннай дэмакратыі.

У апошні час беларускія вучоныя прыйшлі да высновы, што пачатак пераходу ўсходніх славян да класавага грамадства на тэрыторыі Беларусі адносіцца да другой паловы 1-га тыс. н.э. У гэты перыяд тут складваюцца шматукладныя сацыяльна-эканамічныя адносіны, развіваецца маёмасная няроўнасць, зараджаецца раннефеадальны ўклад жыцця, які прыкладна з IX X стст. становіцца вызначальным.

Такім чынам, для гістарычнага развіцця славян працяглы пераходны перыяд характарызаваўся своеасаблівым грамадскім ладам, пры якім адначасова існавалі тры ўклады: першабытна-абшчынны, рабаўладальніцкі і феадальны. Першы быў аджываючым, другі не атрымаў шырокага распаўсюджвання і толькі трэці стаў базісным для развіцця новай фармацыі.

Якая ж форма палітычнай арганізацыі адпавяда-ла пераходнаму перыяду? Некаторыя даследчыкі, на-прыклад С.В.Юшкоў, лічылі, што гэтаму перыяду адпавядала дафеадальная дзяржава ("пераддзяржава"). Але ў апошні час найбольш распаўсюдзілася меркаванне, што ў пераходны перыяд ва ўсходніх славян існавалі палітычныя аб'яднанні - племянныя саюзы.

Калі і як утварыліся ва ўсходніх славян першыя княствы, якія папярэднічалі ўзнікненню Старажытнарускай дзяржавы, мы дакладна не ведаем. Але меркаванне, што яны існавалі яшчэ да IX ст., думаецца, будзе правільным. Справа ў тым, што Кіеўская Русь не магла ўзнікнуць на пустым месцы, а толькі праз аб'яднанне ўжо існуючых дзяржаўна-племянных утварэнняў самай рознай тэрытарыяльнай велічыні. Таму яе ўтварэнне трэба разглядаць як завяршаючы этап зліцця ўсходнеславянскіх земляў у адну дзяржаву. Сказанае дае падставу зрабіць вывад, што княствы, ці дзяржаўна-племянныя саюзы, існавалі на тэрыторыі Беларусі і да IX ст. Тым часам рукапісныя крыніцы адлюстроўваюць адносіны гэтых земляў з Ноўгарадам і Кіевам толькі з X ст. У другой палове X ст. (980 г.) у летапісах называюцца два княствы, што існавалі на тэрыторыі сучаснай Беларусі: Полацкае і Тураўскае. 3 другой паловы X ст. да нас дайшлі звесткі, якія характарызуюць розныя бакі жыцця беларускіх земляў-княстваў. У палітыка-прававых адносінах у іх дзейнасці адзначаюцца моманты як залежнасці, так і незалежнасці ад іншых земляў Кіеўскай Русі, як самабытнасці, так і агульнасці з імі.


2. Грамадскі лад усходнеславянскіх княстваў у IX - першай палове XIII ст


Сацыяльная структура і грамадскі лад княстваў, якія знаходзіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі (Полацкае, Тураўскае і інш.), адпавядалі раннефеадальнаму ўзроўню развіцця, калі маёмасная і сацыяльная няроўнасць ужо прысутнічала ў рэальным жыцці, аднак свайго юрыдычнага афармлення амаль не мелі. Прававое замацаванне статуса сацыяльных груп рэалізавалася праз звычаёвае права, палітычныя традыцыі, рэлігійныя тлумачэнні, маральныя нормы. Асноўнымі класамі былі феадалы і феадальназалежныя сяляне. Прычым, як падкрэслівае прафесар С.Ф.Сокал, гэта залежнасць была ў асноўным калектыўнай, таму і феадальныя павіннасці часцей за ўсё накладваліся на ўсю вёску ці паселішча.

Разам з феадаламі і феадальна-залежным насельніцтвам існавалі рабы (халопы, чэлядзь нявольная), свабодныя гарадскія жыхары (рамеснікі, купцы, госці) і сяляне-даннікі. Апошнія не знаходзіліся ў залежнасці ад асобных феадалаў, а выконвалі пэў-ныя павіннасці і ўносілі феадальную рэнту непасрэд-яа на карысць дзяржавы.

Клас феадалаў меў значныя зямельныя ўгоддзі, якія апрацоўваліся феадальна-залежнымі людзьмі і часткова рабамі. На падставе глыбокага аналізу пісьмовых крыніц, археалагічных даных прафесар Г.В.Штыхаў прыйшоў да высновы, што ў X ст. з'явілася княжацкае землеўладанне і княжацкія сёлы, якія да XII ст. сталі распаўсюджанай з'явай. Акрамя таго, у XII ст. узнікла баярскае і манастырскае землеўладанне. Манастырскія вотчыны папаўняліся за кошт княжацкіх ахвяраванняў і ўкладаў прыватных асоб.

Зразумела, што ў IX - XI стст. працэс феадалізацыі развіваўся марудна. У IX ст. князь не жалаваў сваёй дружыне зямель і не заводзіў уласнай гаспадаркі, а абкладаў свабоднае і паўсвабоднае насельніцтва данінай. Збор дароў з насельніцтва на тэрыторыі, на якой уладарыў князь, называўся "па-люддзем". Дружыннікі таксама атрымлівалі ад князя правы збіраць даніну і "карміцца" з той ці іншай воласці. Так, яшчэ да з'яўлення буйнога княжацкага землеўладання ва ўсходніх славян узнікалі прыкметы васальнай залежнасці, што азначала права атрымання дружыннікамі даніны з пэўнай тэрыторыі. У якасці васалаў вялікага князя дружыннікі неслі служ-бу за "лен". У летапісе пад 862 г. сказана, што князь Рурык, які знаходзіўся ў Ноўгарадзе, раздаваў мужам сваім гарады, таму - Полацк, таму - Растоў, другому - Белавозера". Словы "княжы муж" азначаюць чалавека, які набліжаны да князя, выконвае яго даручэнні і якому ў кіраванне і для збору даніны даецца горад з воласцю. Паступова княжыя мужы з разнастайнымі азначэннямі ("добрыя", лепшыя" і інш.), як члены старэйшай дружыны князя пачалі, называцца баярамі.

Надзейнай апорай княжацкай улады была ваенная дружына. Дружыннікі акружалі князёў, абаранялі іх інтарэсы. 3 імі князь раіўся па пытаннях нях арганізацыі паходаў, а таксама суда і адміністрацыйнага кіравання. Калі князь перамяшчаўся на новае княства, дружына ішла за ім. Так, калі ў 1088 г. тураўскі князь Святаполк Ізяслававіч перайшоў на вялікакняжацкі прастол ў Кіеў, то з сабой ён забраў і тураўскую дружыну.

Дружыны ў полацкіх князёў, як і ў іншых князёў "рускіх", складаліся з дзвюх груп: у першую - старэйшую - уваходзілі "баяры", "сiльные мужы", у другую - малодшую, якая жыла пры двары князя - "отрокi". 3 яе выходзілі слугі князя, яго целаахоўнікі, малодшыя службовыя асобы. Земскія ратнікі, якія не належалі да сталага княжацкага войска, насілі найменне "воі". Па словах В.Ключэўскага, "баявыя людзі", як тыя, што належалі да дружыны князя, так і тыя, што выходзілі з простага насельніцтва, часам азначаліся неюрыдычным тэрмінам "кметы" ці "кмецце" ў зборным сэнсе.

Такім чынам, у грамадстве ўтварылася некалькі пластоў. Верхні складалі князі, баяры, старэйшая і малодшая дружыны, духавенства. Феадалы былі ўзаемазвязаны сістэмай васалітэту, якая рэгулявала пра-вы і абавязкі паміж імі, а таксама перад дзяржавай.

Эканамічная магутнасць класа феадалаў дазволіла яму заняць пануючае становішча ў палітычным жыцці грамадства, захапіць усе ключавыя пасады ў дзяржаўным апараце. Клас феадальна-залежных людзей утварыўся:

1) за кошт замацавання халопаў і іншых несвабодных людзей на зямлі, бо для феадала значна важ-ней станавілася валодаць правам распараджацца павіннасцямі сялян, чым іх асобай;

2) шляхам гвалтоўнага пазаэканамічнага прымусу былых свабодных абшчыннікаў уносіць пэўныя даніны і выконваць павіннасці на карысць асобных феадалаў або дзяржавы ў цэлым;

3) у выніку маёмаснага расслаення свабодных ся-лян, якія, збяднеўшы, трапілі ў даўгавую кабалу.

Так у разглядаемы перыяд з'яўляецца фігура феадальна-залежнага селяніна-закупа. Закуп меў сваю гаспадарку, але беднасць прымушала яго ісці ў кабалу да феадала, у якога ён браў купу - грашовую суму або натуральную дапамогу, і таму быў абавязаны працаваць на гаспадара. Праца закупа не ішла ў кошт аплаты доўгу (пазыкі), а выступала толькі ў якасці выплаты працэнтаў за пазыку. Таму адпрацаваць купу было вельмі цяжка і селянін мог пажыццёва заставацца ў феадала. У выпадку пабегу закуп аўтаматычна станавіўся халопам. Да халопства вёў і крадзёж, учынены закупам. Феадал меў у адносінах яа закупа права вотчыннай юрысдыкцыі. Трэба адзначыць, што закуп у адрозненне ад халопа меў некаторыя правы. Яго нельга было біць "не за дело", прадаць у халопы, ён мог скардзіцца на гаспадара суддзям, у яго нельга было безпакарана адняць маё масць.

Такім чынам, прававы і сацыяльны статус закупа мяняўся да моманту выплаты ім доўгу: пастаянна, існавала пагроза перайсці ў халопскае становішча.

Разам з тым, на пачатку развіцця феадальных адносін на тэрыторыі Беларусі, працягвалі захоўвацца свабодныя сялянеданнікі, якія вялі сваю ўласную гаспадарку і абавязаны былі ўносіць на карысць цэнтральных і мясцовых органаў кіравання пэўную даніну натурай або грашыма, выконваць шэраг дзяржаўных павіннасцей (нясенне ваеннай службы ў апалчэнні, рамонт і будаўніцтва замкаў, мастоў, шляхоў (дарог) і г.д.).

Нельга не пагадзіцца з прафесарам Я.А.Юхо, які сцвярджае, што наяўнасць у разглядаемы перыяд значнай колькасці свабодных сялянданнікаў і рабоў у канчатковым выніку не мяняла феадальнага характару грамадскіх адносін. Свабодныя сяляне-даннікі плацілі рэнту на карысць феадальнай дзяржавы, а рабы эксплуатаваліся феадаламі. У эканамічнай структуры грамадства праца свабодных сялян-даннікаў і чэлядзі нявольнай у адрозненне ад працы феадальна-залежных сялян не мела вядучай ролі, а насіла дапаможны характар.

У гарадах таксама ішоў працэс маёмаснага расслаення. Пануючае становішча ў гарадской эканоміцы занялі купцы і багатыя рамеснікі. Яны аказвалі значны ўплыў і на палітыку дзяржавы.


3. Палітычны лад Полацкага і Тураўскага княстваў


На тэрыторыі Беларусі ў IX - XIII стст. існавалі такія буйныя дзяржавы-княствы, як Полацкае, Тураўскае, Менскае, Новагародскае, Смаленскае і інш. Развіццё палітычнага ладу дзяржаў-княстваў найбольш наглядна можна прасачыць на прыкладзе Полацкага княства, якое адыграла вядучую ролю ў станаўленні нашай дзяржаўнасці і ўжо ў раннефеадальны перыяд займала тэрыторыю каля 50 тыс. км2.

Першымі жыхарамі Полацка летапіс называе крывічоў. Што тычыцца тэрміна "палачане", то ду-маецца, археолаг Ю.А.Заяц мае рацыю, калі сцвяр-джае, што ён азначаў не этнічную, а дзяржаўную прыналежнасць. Вывучэнне курганных магільнікаў на тэрыторыі Полацкага княства паказала, што акрамя крывічоў там жыло дрыгавіцкае насельніцтва. Наяўнасць у Полацкім княстве прадстаўнікоў двух найбольш магутных усходнеславянскіх плямёнаў, | якія ўдзельнічалі ў фарміраванні беларускай народнасці, дае магчымасць лічыць Полацкую зямлю старажытным беларускім, ці протабеларускім, дзяржаўным утварэннем.

Уключэнне Полацкага княства ў дзяржаву Рурыка не прывяло да поўнай страты ім дзяржаўнасці. Захавалася тэрытарыяльная цэласнасць, улада мясцовых князёў, а да сярэдзіны X ст. Полацк адасобіўся ад Кіева.

Першы полацкі князь, імя якога вядома з летапісу, - Рагвалод. Можна спрачацца, славянскае ці скандынаўскае насіў ён імя, але не гэта галоўнае. Кажучы словамі беларускага гісторыка М.Ермаловіча, Рагвалод "першы ўбачыў і па-сапраўднаму ацаніў вялікія магчымасці Полацкай зямлі як асобай дзяржавы са сваімі мэтамі і інтарэсамі, супрацьлеглымі мэтам і інтарэсам Кіева".

Нядоўгім быў перыяд гвалтоўнага ўключэння (980 г.) Полацкага княства ў Кіеўскую дзяржаву пры Уладзіміры Святаславічы. У 988 г. незалежнасць Полацка была адноўлена, адрадзілася мясцовая княжацкая дынастыя. Гісторыя Полацкай зямлі XI - VII стст. - гэта перыяд пашырэння яе тэрыторыі, паўнапраўных саюзніцкіх адносін з кіеўскімі князямі або ваенных канфліктаў з імі, прычым ініцыятарам апошніх далёка не заўсёды быў Кіеў.

Іншым быў лёс дрыгавіцкіх княстваў. Даволі рана ярыгавіцкая зямля трапіла ў сферу інтарэсаў Кіева і страціла незалежнасць. 3 канца X ст. на княжанне ў Тураў пасылалі старэйшых сыноў кіеўскага князя. Толькі ў 50-я гг. XII ст. Тураў выйшаў з падпарадкавання Кіева і ў ім усталявалася самастойная княжацкая дынастыя.

Нягледзячы на недастатковасць гістарычных крыніц, можна скласці пэўнае меркаванне аб палітычным ладзе старажытных дзяржаў-княстваў, арыентуючыся перш за ўсё на палітычны лад Полацкага княства. Сістэма органаў улады і кіравання ў дзяржавах-княствах IX - XII стст. на тэрыторыі Беларусі была таго ж тыпу, што і ў іншых дзяржавах, якія складалі Кіеўскую Русь. Вышэйшую ўладу ажыццяўлялі князь, рада князя, веча. Функцыі органаў цэнтральнага кіравання выконвалі службовыя асобы, такія як пасаднік, тысяцкі, падвойскі, ключнік, цівун і інш.

Галоўнай асобай у сістэме ўлады быў князь. Ен стаяў на чале дзяржавы і выканаўчых органаў, меў права вырашаць усе бягучыя справы дзяржаўнага кіравання. Асноўным абавязкам князя была арганізацыя абароны дзяржавы ад знешняга нападу і падтрыманне ўнутранага парадку.

Уладарныя паўнамоцтвы князя абумоўліваліся як яго асабістымі якасцямі і аўтарытэтам сярод насельніцтва, так і падтрымкай вярхоў пануючага класа.

Уступленне на прастол суправаджалася строгім рытуалам, у час якога прыносілася прысяга з абяцаннем ахоўваць тэрыторыю дзяржавы і інтарэсы грамадзян, дзейнічаць у адпаведнасці з мясцовымі дзяржаўна-прававымі звычаямі. Умовы ўступлення князя на пасаду афармляліся ў дагаворы-радзе, які заключаўся князем з вярхушкай пануючага класа. Напрыклад, полацкі князь абавязваўся не ўмешвацЦа ў царкоўныя справы, не адымаць маёмасці ў палачан, не пераглядаць старых рашэнняў судоў, не перашкаджаць выезду свабодных людзей за межы княства і г.д.

Як бачым, Паўнамоцтвы князя ажыццяўляліся ў асноўным у сферы выканаўча-распараджальнай дзейнасці. Правам выдання новых законаў князь не валодаў. Такое права мелі рада князя і веча. Займацца правасуддзем князь мог толькі з сябрамі яго рады і іншымі службовымі асобамі. Такім чынам, абмяжоўвалася і судовая дзейнасць князя.

Што сабой уяўляла рада князя? Па-першае, яна не мела пастаяннага складу. Князь мог запрашаць да сябе на нарады ўсіх, каго жадаў, аднак не мог ігнараваць думкі найбольш уплывовых у дзяржаве людзей, асабліва службовых асоб цэнтральнага і дварцовага кіравання.

Па-другое, кампетэнцыя рады фактычна злівалася з кампетэнцыяй князя. Практычна ўсе пытанні, якія вырашаліся князем, ён абмяркоўваў са сваімі дарадчыкамі. Аб залежнасці князя ад свайго акружэння расказвае ісландская "Сага аб Эймундзе". У ёй гаворыцца, што калі скандынавец Эймунд прыйшоў з дружынай наймацца на службу да князя Брачыслава, то той сказаў: "Дайце мне час параіцца з маімі мужамі, таму што яны даюць мне грошы, а я толькі іх трачу"1. Маюць рацыю тыя вучоныя, напрыклад беларускі даследчык В.Чаропка якія лічаць, што ў дадзеным выпадку Брачыслаў гаворыць аб неабходнасці параіцца з жыхарамі Полацка, гэта значыць з веча.

На пасяджэннях рады прысутнічалі не ўсе асобы, якія мелі права прымаць удзел у нарадах з князем, а толькі тыя, хто ў гэты момант быў каля яго. Пры вырашэнні асабліва важных пытанняў рада збіралася ў поўным складзе. Акрамя пытанняў выканаўча-распараджальнай дзейнасці ў радзе князя вырашаліся і найбольш важныя судовыя справы, якія тычыліся інтарэсаў феадалаў і вышэйшых службовых асоб дзяржаўнага апарату. На радзе рыхтаваліся пытанні, якія трэба было абмеркаваць на вечы.

У палітычным жыцці Полацка пэўнае значэнне мела веча - агульны сход палачан, які збіраўся для вырашэння розных праблем. Гэта была пачатковая форма гарадскога самакіравання, у пэўнай ступені падуладнага мясцовай знаці. У пачатку XII ст. роля веча ўзрасла настолькі, што яно актыўна вырашала пытанні вайны і міру, запрашала на прастол князёў і нярэдка праганяла іх з горада, устанаўлівала раскладку павіннасцей і падаткаў, прымала захады па арганізацыі апалчэння і абароны, разглядала найбольш важныя судовыя справы, вызначала лінію паводзін у міжнародных адносінах. Веча мела заканадаўчую ўладу. В.Чаропка лічыць, што "па сутнасці Полацкае княства з'яўлялася феадальнай рэспублікай, у якой князь выконваў ролю выбарнага канстытуцыйнага валадара".

На думку даследчыкаў Г.В.Штыхава і Т.Т.Каробушкінай, веча абмяжоўвала ўладу князя, але не знішчала яе. Княжацкая ўлада ў Полацку была значнай нават у перыяды найбольш актыўнай дзейнасці веча. Князь узначальваў ваенныя сілы, меў пры сабе дружыну, ажыццяўляў унутранае кіраванне, мог заключыць мір і г.д. , раздаваў воласці разам з гарадамі іншым князям-васалам. У Полацку, як, напэўна, і ў іншых княствах, у сферы сацыяльнапалітычнага жыцця існавала двухуладдзе. Вечавы лад існаваў побач з княжацкай уладай.

Нельга не пагадзіцца з думкай прафесара С.Ф.Сокала, аб тым, што беларускія дзяржавыкняствы нельга назваць неабмежаванымі манархіямі, таму што улада князя не была абсалютнай. Іх можна было б назваць раннефеадальнымі дуалістычнымі манархіямі ці раннефеадальнымі абмежаванымі манархіямі. Больш за ўсё, на нашу думку, падыходзіць першая назва, бо яна адлюстроўвала палітычны дуалізм, увасоблены ў двух цэнтрах улады: князя і веча".

Існаванне розных меркаванняў сведчыць аб тым, што пытанні дзяржаўнага ладу беларускіх княстваў, перш за ўсё Полацкага, патрабуюць далейшай навуковай распрацоўкі.

У перыяды падпарадкавання беларускіх княстваў Кіеву адносіны паміж кіеўскім князем і мясцовымі князямі (полацкімі, тураўскімі і інш.) будаваліся на прынцыпах васалітэту. Кіеўскі князь быў сюзэрэнам і аказваў дапамогу мясцовым князям, якія ў сваю чаргу абавязваліся быць "у яго паслушэнстве", выстаўляць войска, перадаваць частку сабранай даніны. У выпадку парушэння васалам сваіх абавязкаў ён мог быць пакараны пазбаўленнем сваіх уладанняў. Ажыццявіць жа гэта было магчыма толькі сілай (ваенным шляхам).

Пра грамадска-палітычны лад у Тураўскім княстве і яго гарадах звестак мала, але яны вельмі важныя. Верагодна, што ў Тураве, як і ў Полацку, актыўна дзейнічала веча.

Як мы ўжо гаварылі, функцыі органаў кіравання выконвалі пасаднік, тысяцкі, падвойскі, ключнік, цівун і інш.

Пасаднік абіраўся вечам або прызначаўся князем у іншыя гарады дзяржавы, дзе з'яўляўся яго намеснікам. Знаходжанне ў горадзе адначасова і князя і пасадніка, акрамя як у Ноўгарадзе Вялікім, - з'ява незвычайная. Аб існаванні пасадніка ў Полацку звестак няма, а ў Тураве, паводле Іпацьеўскага летапісу, у сярэдзіне XII ст. знаходзіліся адначасова і князь і пасаднік. Такі факт можа сведчыць аб асаблівасцях грамадска-палітычнага ладу ў Тураўскім княстве.

Галоўным абавязкам тысяцкага з'яўлялася ваеннае кіраўніцтва. У час вайны ён камандаваў апалчэннем, а ў мірны - сачыў за падтрыманнем парадку ў горадзе. Падвойскаму даручалася сачыць за выкананнем рашэнняў веча і распараджэнняў князя.

Ключнік і цівун займаліся гаспадарчымі справамі і некаторымі судова-адміністрацыйнымі пытаннямі ў дзяржаве.

Важным элементам палітычнай сістэмы была царква, цесна звязаная з дзяржавай. Па сутнасці, у яе веданні знаходзілася ідэалагічная апрацоўка насельніцтва. Вярхушка духавенства прымала актыўны ўдзел у палітычным жыцці дзяржавы і грамадства.


4. Станаўленне права Старажытнай Беларусі і яго характарыстыка


У 1-м тыс. н.э. ва ўсходніх славян фарміравалася ўстойлівая сістэма агульнапрынятых звычаяў, якая вызначала правілы паводзін людзей. Паступова частка звычаяў пачала набываць рысы абавязковасці, нярэдка суправаджалася прымусам, які быў санкцыянiраваны родаплемяннымі органамі і абшчынамі, і ўрэшце рэшт набыла якасці звычаёвага права. Яно выяўлялася, напрыклад, у кроўнай помсце за забойства родзічаў, у спосабах заключэння шлюбу і парадку атрымання спадчыны, у выгнанні з абшчыны за парушэнне міру і г.д.

Узнікненне старажытных дзяржаў на тэрыторыі Беларусі суправаджалася фарміраваннем старажытнага феадальнага права. Яго першай крыніцай, асновай і былі старажытныя звычаі. 3 таго моманту, калі звычай санкцыянаваўся дзяржавай, ён станавіўся нормай звычаёвага права. Гэтыя нормы маглі існаваць як у вуснай, так і ў пісьмовай форме.

Частка нормаў звычаёвага права паступова замацоўвалася ў дзяржаўным пісьмовым заканадаўстве, часткова відазмяняючыся або заканадаўча забараняючыся. Кроўная помста, напрыклад, была забаронена ўжо ў XI ст.

Такім чынам, у старажытнасці пануючым было звычаёвае права. Яно ўяўляла сабой сістэму прававых нормаў, якія ўзніклі непасрэдна з грамадскіх адносін, абапіраліся на агульнапрынятасць і даўнасць ужывання і былі санкцыянаваны дзяржавай. 3 далейшым развіццём і ўмацаваннем феадальных адносін ствараліся перадумовы для атрымання льгот пануючым класам. Таму ад дзяржавы патрабавалася выданне спецыяльных законаў, дапаўненняў і тлумачэнняў да нормаў звычаёвага права. Так ствараліся нормы пісанага права, якое спачатку не адмяняла нормаў звычаёвага права, а толькі далаўняла іх, надавала ім агульнадзяржаўны характар. Таму невыпадкова, што ва ўсіх старажытных помніках асноўны змест пісанага права складалі нормы, узятыя са звычаёвага права.

Звычаёвым правам у старажытнасці рэгуляваліся ўсе праваадносіны ў грамадскім жыцці: структура і кампетэнцыя дзяржаўных устаноў, правы і абавязкі розных класаў, станаў (саслоўяў) і сацыяльных груп насельніцтва, грамадзянскія, сямейна-шлюбныя, зямельныя, судова-працэсуальныя, крымінальныя і інш. На Беларусі звычаёвае права было пануючым да XV ст. Паступова яно выцяснялася пісаным правам. Многія нормы звычаёвага права набылі форму закона ў выглядзе шматлікіх грамат, лістоў, прывілеяў, соймавых пастаноў, статутаў, іншых прававых актаў.

Для старажытнага звычаёвага права Беларусі характэрныя наступныя рысы: партыкулярызм, традыцыяналізм і дуалізм.

Партыкулярызм права звязаны з наяўнасцю ў кожнай мясцовасці сваіх звычаяў, нормаў, правіл і адсутнасцю агульнадзяржаўнай прававой сістэмы.

Традыцыяналізм і кансерватызм прававых нормаў, іх нязменнасць у многім былі абумоўлены ўплывам царквы. Справа ў тым, што ў аснове старажытнай прававой тэорыі ляжала царкоўнае вучэнне аб тым, што ў грамадстве і ва ўсім свеце наогул пануе нязменны, раз і назаўсёды ўстаноўлены Богам парадак. Усякія спробы крытыкаваць ці змяняць сацыяльна-эканамічную, палітычную ці прававую сістэму лічыліся ерассю, выступленнем супраць царквы і Бога. Гэта значна абмяжоўвала заканадаўчую дзейнасць князя, бо ён не быў упаўнаважаны ствараць або змяняць нормы права. Нават у XV - XVI стст. урад вымушаны быў абяцаць не парушаць традыцыі і не ўводзіць новых парадкаў. 3 традыцыяналізмам у звычаёвым праве цесна звязана іерархічнасць грамадства з яго складанай сацыяльнай структурай і прававой рэгламентацыяй саслоўяў і сацыяльных груп.

У сувязі з гэтым асоба мела вельмі мала самастойнасці: жыццё кожнага чалавека павінна было ўкладвацца ў рамкі свайго класа, саслоўя, сацыяльнай або рэлігійнай групы.

Дуалізм (дваістасць) звычаёвага права заключаўся ў ідэі поўнага бяспраўя рабоў (халопаў, чэлядзі нявольнай) і фармальнай роўнасці свабодных людзей пры фактычным стварэнні льгот і пераваг пануючаму класу. Халопы, чэлядзь нявольная не прызнаваліся самастойнымі суб'ектамі праваадносін. Адноснае раўнапраўе свабодных гараджан, сялянаннікаў і іншых праяўлялася ў тым, што яны маглі ўдзельнічаць у рашэнні дзяржаўных спраў на вечавых сходах, выбіраць і быць выбранымі ў органы кіравання, неслі роўныя павіннасці, у тым ліку і вайсковую па абароне свайго горада, воласці, княства. Але далейшым развіццём феадальных адносін праваздольнасць простых людзей пачала абмяжоўвацца.

Коратка ахарактарызуем некаторыя юрыдычныя помнікі, нормы якіх доўгі час дзейнічалі на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Як адзначалася вышэй, былі перыяды, калі беларускія княствы падпарадкоўваліся кіеўскім князям, асабліва гэта тычыцца Турава. 3 гэтага вынікае, што' ў старажытнабеларускіх землях дзейнічалі нормы "Рускай Праўды", вядомага ў свеце помніка права. Таму мы лічым неабходным пачаць разгляд прававой спадчыны з кароткай характарыстыкі гэтага вельмі глыбокага па сэнсе і змесце юрыдычнага дакумента.

Руская Праўда - зборнік законаў, які фарміраваўся на працягу XI - XII стст., а некаторыя яго артыкулы бяруць свой пачатак яшчэ ў паганскай (язычніцкай) даўніне. Аналізуючы "Рускую Праўду", можна прыйсці да высновы, што ўсе яе суб'екты з'яўляліся фізічнымі асобамі (паняцця юрыдычнай асобы закон яшчэ не ведаў). Сярод відаў злачынстваў, прадугледжаных "Рускай Праўдай", няма злачынстваў супраць дзяржавы. Нават князь як аб'ект злачыннага замаху разглядаўся ў якасці фізічнай асобы і адрозніваўся ад іншых толькі сваімі больш высокім становішчам і прывілеямі.

3 канкрэтнымі суб'ектамі звязваўся і змест права ўласнасці. "Руская Праўда" яшчэ не ведала такіх абстрактных паняццяў, як "уласнасць", валоданне, "злачынства".

Зборнік законаў грунтаваўся на казуальнай сістэме, згодна з якой заканадавец імкнуўся прадугледзець усе магчымыя жыццёвыя сітуацыі. Гэтыя юрыдычныя асаблівасці абумоўлены тым, што адной з крыніц "Рускай Праўды" служыла звычаёвае права, нормы і прынцыпы якога былі несумяшчальныя з абстрактным паняццем юрыдычнай асобы. Для звычаю ўсе суб'екты роўныя і ўсе яны могуць быць толькі фізічнымі асобамі. Другая крыніца "Рускай Праўды" - княжацкая судовая практыка, якая ўносіла суб'ектыўны элемент у вызначэнне кола асоб, на якіх перш за ўсё распаўсюджваліся прававыя прывілеі (асобы, набліжаныя да княжацкага двара), і ў ацэнку юрыдычных дзеянняў.

Нормы "Рускай Праўды" абаранялі прыватную ўласнасць (рухомую і нерухомую), рэгламентавалі парадак яе перадачы ў спадчыну па абавязацельствах і дагаворах. Адносіны па абавязацельствах маглі ўзнікнуць з прычыны нанясення шкоды ці ў адпаведнасці з дагаворам. За парушэнне абавязацельстваў даўжнік адказваў маёмасцю, а часам і сваёй свабодай. Дагаворы заключаліся пры сведках, на таргу ці ў прысутнасці мытніка. У "Рускай Праўдзе" ёсць звесткі аб дагаворах куплі-продажу (людзей, рэчаў, коней, самапродажу), пазыкі (грошай, рэчаў), крэдытавання (пад працэнты або без іх), асабістага найму (для выканання пэўнай работы) і г.д.

Злачынства, па "Рускай Праўдзе", вызначалася не як парушэнне закона ці княжацкай волі, а як "крыўда", што значыць прычыненне маральнага ці матэрыяльнага ўрону асобе або групе асоб. Крымінальнае правапарушэнне не адрознівалася законам ад грамадзянска-прававога. Да аб'ектаў злачынства Руская Праўда адносіла асобу і маёмасць. Аб'ектыўны яго бок распадаўся на дзве стадыі: замах на злачынства (напрыклад, караўся чалавек, які выняў меч, хоць і не ўдарыў ім нікога) і закончанае злачынства. Суб'ектам злачынства магла быць любая фізічная асоба, акрамя халопа, за дзеянні якога караўся гаспадар. Аб узроставым цэнзе для суб'ектаў злачынства ў законе нічога не гаварылася. Суб'ектыўны бок злачынства ўключаў намер і неасцярожнасць.

Як указвалася, "Руская Праўда" ведала толькі два родавыя аб'екты злачынства: асобу чалавека і яго маёмасць. Сярод крымінальных дзеянняў супраць асобы называліся забойствы, цялесныя пашкоджанні, пабоі, знявага дзеяннем. Да маёмасных злачынстваў адносіліся разбой, крадзёж (татьба), знішчэнне чужой маёмасці, падпал, канакрадства (як асобны від крадзяжу), злосны неплацёж доўгу і інш. Найбольш дэталёва рэгламентавалася паняцце татьба.

Сістэма пакаранняў была адносна простай і мяккай. Вышэйшая мера пакарання - "поток н разграб ленне". Часам гэта азначала смерць асуджанага і разбор яго маёмасці, іншы раз - продаж у халопы.

Наступнай па цяжкасці мерай пакарання была "віра" (штраф), якая прызначалася толькі забойцам. Калі за злачынцу разлічвалася яго абшчына, тады гэта называлася "дзікай вірай". Інстытут "дзікай віры" выконваў паліцэйскую функцыю, бо звязваў усіх членаў абшчыны кругавой парукай. Усе астатнія злачынствы як супраць асобы, так і маёмасныя караліся продажей (штрафам), памер якой знаходзіўся ў залежнасці ад цяжкасці злачынства. "Продажа" ішла ў казну, а пацярпеўшы атрымліваў "урок" - грашовую ўзнагароду за панесеную страту.

Руская Праўда яшчэ не рабіла дакладнага размежавання паміж крымінальным і грамадзянскім працэсамі. Судовы працэс меў яскрава выяўлены спаборны (спрэчны) характар: ён пачынаўся толькі па ініцыятыве істца, бакі ў ім (ісцец і адказчык) мелі роўныя правы. Судаводства было адкрытым і вусным.

Сістэма доказаў складвалася са сведчання відавочцаў злачынства ("вiдокi"); рэчавых доказаў ("полiчное"); выпрабаванняў агнём, вадой, жалезам ("ордалii"); прысягі.

Акрамя "Рускай Праўды" найбольш старажытнымі помнікамі пісанага права на Беларусі з'яўляюцца граматы аб адносінах Смаленска, Полацка і Віцебска з Рыгай і нямецкімі купцамі, а таксама дагаворы 1229, 1263 і 1338 гг. Гэтыя юрыдычныя помнікі з'яўляюцца каштоўнай крыніцай вывучэння старажытнага права. Бакі, якія дамаўляліся паміж сабой, знаходзіліся прыкладна на адным узроўні эканамічнага і культурнага развіцця і таму нярэдка ўключалі ў сумесныя пагадненні нормы звычаёвага права сваёй мясцовасці. Для ілюстрацыі больш падрабязна разгледзім дагавор 1229 г., які навукоўцы называюць "Смаленская гандлёвая праўда". Гэта міжнароднае гандлёвае і палітычнае пагадненне паміж Смаленскім, Віцебскім і Полацкім княствамі, з аднаго боку, і Рыгай і Готландам - з другога. Дагавор 1229 г. - адзін з першых дайшоўшых да нас помнікаў права феадальнай Беларусі. Ен замацаваў прававыя нормы, якія гарантавалі і забяспечвалі развіццё міжнародных гандлёвых адносін на падставе ўзаемнасці і раўнапраўя.

Ва ўступе да дагавора гаворыцца пра ўстанаўленне дружалюбных адносін паміж краінамі і пералічваецца склад пасольстваў, якія прымалі ўдзел у яго заключэнні. Тэкст дагавора складаецца з шэрага артыкулаў, у якіх выкладзены нормы крымінальнага, працэсуальнага права і права па абавязацельствах, а таксама палажэнні, што рэгламентавалі парадак заключэння дагавораў купліпродажу, правозу тавараў і інш. Дагавор устанаўліваў гарантыі недатыкальнасці іншаземных купцоў, узаемныя прывілеі па тавараабмене, агаворваў умовы бесперашкоднага продажу тавараў. Найважнейшыя артыкулы вызначалі свабоду гандлю як для іншаземных "гасцей" на беларускіх землях, так і для беларускіх купцоў у Рызе і іншых гарадах, бесперашкодны праезд па тэрыторыі гандлюючых бакоў, а таксама дакладныя пошліны на тавары.

Такім чынам, галоўнае прызначэнне дагавора 1229 г. заключалася ў замацаванні прававых нормаў, якія забяспечвалі нармальныя адносіны паміж заходне- і ўсходнееўрапейскімі народамі на аснове ўзаемнасці і раўнапраўя. Прадугледжвалася замацаванне мірных адносін паміж народамі, вызначаліся аб'ём адказнасці за крымінальныя злачынствы, парадак і чарговасць спагнання даўгоў, парадак судаводства.

Аналіз юрыдычных помнікаў Старажытнай Беларусі дазваляе сцвярджаць, што з далейшым развіццём і ўмацаваннем феадалізму пашыралася роля прававых нормаў у рэгуляванні грамадскіх адносін і перш за ўсё нормаў цывільнага і крымінальнага права.

У першую чаргу гэта адбілася на ўсталяванні рознай праваздольнасці простых людзей і феадалаў. Найбольш абароненымі законам былі князі, баяры і вышэйшыя слаі духавенства. Яны, у прыватнасці, маглі распараджацца сваімі маёнткамі, учыняць розныя грамадзянска-прававыя здзелкі, мець залежных людзей, а таксама халопаў. Меншай праваздольнасцю валодалі свабодныя людзі, якія знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад буйных землеўладальнікаў, яшчэ меншай - феадальна-залежныя сяляне. Халопы і чэлядзь нявольная не мелі амаль ніякіх правоў. Напрыклад, яны не маглі валодаць нерухомай уласнасцю, выступаць у судзе.

Крыніцы дазваляюць сцвярджаць, што ў залежнасці ад класавай прыналежнасці пацярпеўшага і злачынцы ўстанаўлівалася і розная крымінальная адказнасць. Напрыклад, у адпаведнасці з дагаворам 1229 г. за забойства свабоднага чалавека з вінаватага спаганялася 10 грыўнаў серабра, за папа або пасла - 20, за халопа - 1 грыўна серабра.

Заканадаўства разглядаемага перыяду перш за ўсё вылучае такія віды пакарання, як маёмасныя спагнанні і выдача злачынцы пацярпеўшаму. За асабліва цяжкія злачынствы закон прадугледжваў расправу і рабаванне як самога вінаватага, так і яго сям'і.

У сямейным праве вялікае значэнне надавалася шлюбу. Асабістыя адносіны ў сям'і будаваліся на падпарадкаванні жонкі мужу. Апошні прызнаваўся галавой сям'і, але калі муж ішоў у сям'ю жонкі, то ўласнікам гаспадаркі лічылася жонка або яе бацькі. У адпаведнасці з нормамі старажытнага права жанчыны карысталіся значнымі правамі і павагай. Так, за злачынствы, учыненыя супраць жанчыны, вінаваты нёс пакаранне ў двайным памеры, жорстка караліся антымаральныя ўчынкі. Напрыклад, арты-кул 17 дагавора 1229 г. (Готландская рэдакцыя) за пралюбадзейства ўстанаўліваў такую ж санкцыю, як і за забойства, - 10 грыўнаў серабра. Прыняцце хрысціянства і яго далейшае распаўсюджванне на тэрыторыі сучаснай Беларусі адбілася на ўсіх баках жыцця грамадства, у тым ліку і на праве, перш за ўсё сямейным. Так, была ўстаноўлена царкоўная форма шлюбу з абавязковым вянчаннем у храме. Толькі дзеці, якія нарадзіліся ад бацькоў, што знаходзіліся ў цар-коўным шлюбе, мелі права на атрыманне спадчыны.

У судах дзяржаў-княстваў Беларусі панаваў абвінаваўча-спаборны працэс, які ўжываўся пры разглядзе грамадзянскіх і крымінальных спраў, калі кожны бок спрабаваў даказаць сваю праўду. Галоўную ролю ў доказах мелі паказанні сведкаў, прысяга (цалаванне крыжа), "суд боскі" (выпраба-ванне агнём ці вадой). Князі, іх пасаднікі, іншыя службовыя асобы выконвалі функцыі пасрэднікаў у судовым працэсе, спаганяючы за гэта пэўную суму - віру (штраф). Прымітыўная класавая структура старажытных дзяржаў-княстваў і недастаткова выяўлены класавы антаганізм не дазволялі суду заняць важнае месца ў сістэме ўлады Старажытнай Беларусі.


Спіс выкарыстаных крыніц


1. Сокал С.Ф. Гісторыя дзяржавы і права БССР (дакастрычніцкі перыяд) / Сокал С.Ф. – Мн., 1989.

2. Горемыкина В.Н Возникновение и развитие первой антагонистической формации в средневековой Европе. – Мн., – 1982.

3. Нарысы гісторыі Беларусі. – Мн., 1994.

4. Юхо Я. Л. Узнікненне дзяржавы і яе сутнасць //Беларус. гіст. часопіс / Я.Л. Юхо – 1997. – № 3.



Наш опрос
Как Вы оцениваете работу нашего сайта?
Отлично
Не помог
Реклама
 
Мнение авторов может не совпадать с мнением редакции сайта
Перепечатка материалов без ссылки на наш сайт запрещена